Незаконна асуджаным па адміністрацыйных справах выплацяць кампенсацыю

Гэта вынікае з адказу на свой запыт, які жыхар Магілёва Аляксандр Хамратаў атрымаў ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Васіленкі.

Аляксандр Хамратаў вёў актыўную перапіску з дзяржаўнымі чыноўнікамі і народнымі абраннікамі. Ён дамагаўся, каб асобам, якія незаконна былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, кампенсавалі матэрыяльныя і маральныя страты. Расказвае Аляксандр Хамратаў:

"Распрацаваны праект закона, паводле якога будуць унесены змены ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, а таксама ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс. Дапаўненні наступнага характару: асобам, якія былі незаконна прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, будуць кампенсавацца маральныя і матэрыяльныя страты. Самае галоўнае — гэта тое, што стане спыняльным тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці грамадзян”.

Аляксандр Хамратаў кажа, што да скаргаў у розныя інстанцыі яго падштурхнуў выпадак, які адбыўся з ім у мінулым годзе. Тады супрацоўнікі ДАІ некалькі разоў прыцягвалі яго за нібыта здзейсненае правапарушэнне, і маглі гэта рабіць па адной справе бясконца.

“28 ліпеня 2012 года супрацоўнікі ДАІ абвінавацілі мяне ў тым, што я здзейсніў правапарушэнне. Я гэта абскардзіў. Потым у ДАІ зноўку з’явілася два месяцы для вынясення рашэння — мяне зноўку прыцягнулі да адказнасці, і паводле нашага заканадаўства так можна рабіць да бясконцасці. У выніку я звярнуўся да дэпутата парламента Васіленкі, прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. І нарэшце я атрымаў пісьмовыя адказы, паводле якіх вынікае, што будуць унесены змены ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях ў частцы маіх прапаноў”.

Дарэчы, супрацоўнікі ДАІ ў судзе так і не здолелі даказаць, што Аляксандр быў вінаватым ў парушэнні правілаў дарожнага руху. Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што змены ў Адміністрацыйны кодэкс выспелі ўжо даўно: калі чалавека беспадстаўна пакаралі, ён мусіць атрымаць за гэта кампенсацыю.

"У Працэсуальна-выканаўчым кодэксе аб адміністрацыйных пакараннях існавалі дзіркі. Не было прадугледжана вяртанне дзяржаўных пошлін, вяртанне сродкаў за паслугі адваката. Не было ўсталяваных спыняльных тэрмінаў падчас разгляду адміністрацыйных справаў — суд часта іх адпраўляў назад у міліцыю, а міліцыя перасылала іх назад у суды. Так у некаторых выпадках працягвалася да бясконцасці. Людзі звярталіся да нас з гэтай праблемай і мы дапамагалі пісаць ім скаргі і пазовы, каб ім вярнулі сродкі альбо адмянілі рашэнне, калі міліцыя няправільна складала пратаколы, а суды ім іх вярталі. Я лічу, што не без нашага ўдзелу ўлады пайшлі на змену ў заканадаўстве".

Праваабаронца адзначае, што не так даўно ўзнікла абсурдная сітуацыя. Жанчына наняла сабе адваката. У судзе адміністрацыйная справа, што была заведзена міліцыянтамі, развалілася і суд прызнаў жанчыну невінаватай, аднак перакладаць кампенсацыю выдаткаў на міліцыянтаў адмовіўся.

Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі