Удава загінулага завадчаніна ўсё ж атрымала яго дзесяць гадавых заробкаў

У кастрычніку Еўрарадыё расказвала пра сумную гісторыю, якая здарылася з рабочым “Гомельшкла” Юрыем С. На мужчыну праз няправільны мантаж так званай піраміды абрынуліся тоны шкла, ён не па сваёй віне загінуў.

Аказалася, што паводле калектыўнай дамовы ўдава мусіла атрымаць кампенсацыю — дзесяць гадавых заробкаў мужа. Юрый быў высокакваліфікаваным кадрам, апроч асноўнай працы выконваў функцыі каменшчыка-вогнеўпоршчыка. Такім чынам, налічылі суму, роўную 106 тысячам долараў. Але кіраўніцтва завода з выплатамі не спяшалася. Таму жанчына звярнулася ў свой дзяржаўны прафсаюз да прававога інспектара. Такім чынам, удалося выйграць суд, але і пасля таго завод з удавой загінулага не разлічваўся.

Ад моманту публікацыі мінула каля трох месяцаў. Цікавімся у Марыны Ш., чым скончылася гісторыя.

“Мне і так ужо хапіла ўсяго на свеце. Тут і так ужо нейкія дзіўныя людзі ходзяць. Я не хачу на гэтую тэму размаўляць”, — рэагуе на тэлефанаванне журналіста жанчына.

Няўжо пасля выйгранага суда ёй не ўдалося дабіцца праўды?

“Разлік цалкам здзейснены, жанчына ўсё атрымала, — супакойвае Еўрарадыё Надзея Шумак, галоўны прававы інспектар працы гомельскага абкама Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў. — Яна засталася працаваць на заводзе. Можа, таму больш не хоча звязвацца з прэсай”.

Прававая інспекцыя, якая дапамагла ўдаве загінулага дабіцца праўды, напоўніцу запрацавала пры беларускіх прафсаюзах некалькі гадоў таму. Хоць і раней такія функцыя выконваліся. Толькі на Гомельшчыне ёсць 12 такіх прававых інспектараў, як Надзея Шумак. Кожны займаецца па сваім напрамку: праводзіць праверкі на прадпрыемствах і прадстаўляе пацярпелых у судзе.

“Ёсць яшчэ дзве падобныя справы, якія трапілі ў суды. У адной з іх чалавек атрымаў траўмы, ёсць працэнт страты працаздольнасці. Таму ён павінен быў атрымаць матэрыяльную кампенсацыю, — паведамляе Надзея Шумак пра яшчэ адну гісторыю, якой займаецца. — Наймальнік павёў сябе прыстойна, сплаціў маральную шкоду. Суму вызначылі сумесна з работнікам, падпісалі міравое пагадненне і разлічыліся. А па аднаразовай кампенсацыі, якая па законе таксама павінная выплачвацца, ёсць пытанні”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі