Новыя дэталі дыверсіі пад Бранскам: выбухоўку заклалі ў трох месцах
Цягнік, які сышоў пад адхон пад Бранскам / smotrim.ru
Выбухоўка на чыгунцы ў Бранскай вобласці была ўсталяваная ў трох месцах, піша тг-канал "База".
Магутнасць асноўнага выбуху склала 10 кг у тратылавым эквіваленце. Два іншыя былі меншымі — прыкладна па 200 грамаў у тратылавым эквіваленце.
Таксама паведамляецца, што дыверсанты, верагодна, даволі доўга сачылі за чыгункай: за 100 метраў ад выбуху былі знойдзеныя два недапалкі, два пачкі ад цыгарэт, пустая бляшанка з-пад піва і ўпакоўка ад супу хуткага прыгатавання "Ролтан". Тамсама ляжалі фрагмент абгарэлай электраправодкі і медныя фрагменты правадоў.
Выбух разбурыў прыкладна 6-метровую частку рэйкі і чатыры бетонныя шпалы. На месцы выбуху ўтварылася варонка каля 2,5 метра глыбінёй і каля 1,5 метра ў дыяметры.
Паводле звестак "Базы", з рэек сышоў двухсекцыйны цеплавоз і пяць вагонаў. Цеплавоз і 4 вагоны згарэлі. Раней паведамлялася, што з рэек сышлі восем вагонаў.
З бакаў цеплавоза выцекла 12 тон дызельнага паліва.
Спецслужбы склалі фотаробат падазраванага ў дачыненні да падрыву чыгункі. Паводле інфармацыі "Базы", гэта мужчына прыблізна сарака гадоў, апрануты ў чорнае, ростам каля 170 сантыметраў. Пры ім быў чорны заплечнік. Мужчына ездзіў на ровары.
Дыверсія ў Бранскай вобласці адбылася 1 траўня. У выніку сышоў з рэек грузавы цягнік беларускага фармавання, які накіроўваўся з Гомеля ў Бранск. Лакаматыўная брыгада пры здарэнні не пацярпела. Але беларускіх чыгуначнікаў пакінулі ў Расіі да заканчэння следчых мерапрыемстваў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.