Новыя грошы банкаматы павінны выдаваць з 1 ліпеня

Новыя грошы банкаматы павінны выдаваць з 1 ліпеня

Беларускім банкам рэкамендавана з 1 ліпеня арганізаваць выдачу ў банкаматах новых грошай (узору 2009 года). Пра гэта паведамляе ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка.

У Нацбанку звярнулі ўвагу, што найбольш высокі попыт насельніцтва на новыя грошы чакаецца ў першыя дні дэнамінацыі. Таму банкам рэкамендавана забяспечыць купюрамі ўзору 2009 года не толькі працу асобных банкаматаў, але і правядзенне шэрагу банкаўскіх аперацый, уключаючы валютна-абменныя.

Пры гэтым пералік банкаматаў з новымі банкнотамі павінен быць вызначаны загадзя, а адпаведная інфармацыя — своечасова размешчаная на інфармацыйных стэндах, інтэрнэт-сайтах і г.д. Банкам рэкамендавана пастаянна абнаўляць гэтую інфармацыю, аж пакуль усе банкаматы не перайдуць на працу з новымі купюрамі. Завяршыць такі перавод рэкамендавана на працягу ліпеня 2016 года.

Нацбанк вырашыў, што на працягу месяца з пачатку правядзення дэнамінацыі ён не будзе спаганяць з банкаў плату за падмацаванне новымі банкнотамі, на працягу шасці месяцаў — манетамі. Банкам прапанавана ўжываць такі самы падыход да сваіх кліентаў. Мяркуецца, што такі крок прастымулюе банкі да вывазу старых грошай і атрыманню найбольшай колькасці новых.

Таксама Нацбанк рэкамендаваў камерцыйным банкам на працягу шасці месяцаў з пачатку дэнамінацыі арганізаваць у сваіх касах бясплатны размен старых і новых банкнот на манеты ўзору 2009 года.

Дэнамінацыя ў Беларусі прызначаная на 1 ліпеня 2016 года. Да 31 снежня 2016 года старыя і новыя грошы будуць хадзіць паралельна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі