Някляеў: Не трэба спяшацца з выключэннем Беларусі з Усходняга партнёрства

Такое меркаванне выказаў прадстаўнік нямецкага Фонду Маршала Павел Дэмеш падчас канферэнцыі “Усходняе партнёрства: ці могуць правы чалавека, каштоўнасці і нормы канкураваць з геапалітыкай?”. Яе арганізаваў літоўскі офіс Freedom House у Вільні.



“Мы павінны быць смелымі і сказаць, што калі вы не зробіце тое ці іншае, то вы спыніце сваё сяброўства ў гэтай праграме”, — заявіў 19 лістапада ў Вільні Павел Дэмеш.

З такім меркаваннем не згодны лідар кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў. Вось што ён сказаў у гутарцы з Еўрарадыё:



“Спыніць не так цяжка. Але пакуль што няма чаго прапанаваць наўзамен. Зрэшты, лёс гэтага праекту на віленскім саміце і будзе вырашаны. Калі будзе падпісаная Дамова аб асацыяцыі з Украінай, то гэты праект будзе жыць. Бо прыхільнікі будуць пра гэта казаць, як пра істотны вынік гэтага праекту. Калі ж гэтая асацыяцыя не будзе падпісаная, рызыка гэтага ёсць, то гэты праект скруціцца ў трубачку сам па сабе”.

Нагадаем, саміт Усходняга партнёрства пройдзе ў Вільні 28-29 лістапада. Чакаецца, што на ім Украіна падпіша дамову аб асацыяцыі з ЕС, а Малдова і Грузія — ратыфікуюць такія ж дамовы. Але планы наконт Украіны могуць не здзейсніцца, бо ўкраінскія ўлады не выканалі галоўную ўмову і не вызвалілі з-за кратаў былога прэм’ер-міністра гэтай краіны Юлію Цімашэнку.



Хто будзе прадстаўляць Беларусь не саміце, пакуль невядома. Але па словах міністра замежных спраў нашай краіны Уладзіміра Макея, гэта не будзе “прадстаўніцтва на самым высокім узроўні”.

Фота — Fotolia
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі