"У эміграцыі можна жыць, але нельга паміраць". Някляеў — успаміны пра Быкава
19 чэрвеня 2024 Васілю Быкаву споўнілася б 100 гадоў
Людзей, якія добра ведалі Васіля Быкава, засталося не так і шмат. Тым больш каштоўныя цяпер успаміны кожнага з іх. Да 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі Еўрарадыё сабрала па запісах і інтэрв’ю згадкі і нататкі, якія захаваліся пра яго ў паэта Уладзіміра Някляева.
Быкаў называў Някляева паэтам Беларусі. Някляеў кажа пра Быкава, як пра старэйшага сябра. Амаль адначасова пісьменнік і паэт апынуліся ў вымушанай эмігранцыі: Быкаў стаў палітэмігрантам у 1998 годзе і па запрашэнні ПЭН-цэнтра жыў у Хельсінкі. Някляеў з’ехаў у 1999-м — спярша ў Польшчу, а пазней — у Фінляндыю, па слядах старэйшага сябра.
“Тут я ўпершыню адчуў сябе пісьменнікам”
Як узгадваў Някляеў, Васіль Быкаў палюбіў Фінляндыю і нават лічыў яе сваім другім домам:
“Я калі ў першай эміграцыі быў, паехаў у Варшаву. Кожны дзень нехта прыходзіў да мяне са сваёй ідэяй! І я тады думаў: куды ж ад гэтага падацца? А потым запрасілі ў Фінляндыю. Я прыехаў — і там нікога. Там чатыры гады пражыў, у кватэры, дзе Быкаў паўтара гады жыў.
Ён па скон жыцця згадваў гэтыя паўтара гады. У Берліне сустрэліся аднойчы. Быў ён, ягоная жонка Ірына Міхалаўна. І мяне ўразіла яе фраза: “Вась, ну до ўжо ты! У немцаў гэтых таптацца... Паехалі дахаты”. Я кажу: “Вы што, у Мінск?” — “Не! У Фінляндыю”.
Ён сябе там добра пачуваў, бо не было гэтай таргатні. У Мінску што было: ён жа гуру! Усе прыходзяць — а што, а як, раскажы, раскажы. А ён сам нічога не ведае. А там ціханька. Ён мне там пакінуў стары кампутарчык і на ім запіска: “Тут я ўпершыню адчуў сябе пісьменнікам, чаго і табе жадаю”.
А вось што пісаў Някляеў у кнізе ўспамінаў “Стрэмкі” пра кватэру, дзе перад ім жыў Быкаў:
“...У часовым маім жытле, у кватэры, у якой жыву я ў Хельсінкі, вісіць на сцяне карціна, якая мне не належыць. Яе, у канцы 1999 года ад’язджаючы з гэтай кватэры, разам з картамі Еўропы і Беларусі, са сцяжкамі над імі і гербам “Пагоня” пакінуў Васіль Быкаў. На карціне — зімовае дрэва, хутчэй нават заснежаны куст, і на ім чырвоныя снегіры. Яны рассыпаныя на вецці так, што ніяк не злічыць, колькі іх. Адзін раз палічыш — сямнаццаць, другі — шаснаццаць, трэці — зноў сямнаццаць. Калі ў адной з тэлефонных размоў, гледзячы на карціну, я спытаў Быкава, ці заўважаў ён такое дзіва, ён адказаў, што заўважаў — і няма ў тым нічога дзіўнага: проста адзін снягір то адлятае, то вяртаецца”.
Гістарычны шанс стаць еўрапейскай краінай Беларусь страціла незваротна
Някляеў, маладзейшы за Быкава на 23 гады, спрачаўся з ім пра лёс і будучыню Беларусі. Быкаў, патрапаны эміграцыяй, быў настроены песімістычна. Пра гэта Някляеў піша ў зборніку “Знакі прыпынку”:
“Быкаў сцвярджаў, што Беларусь мела не тое, што гістарычны шанс, а прапанову ад гісторыі стаць еўрапейскай краінай, і прапанову не скарыстала, шанс незваротна страціла. Незваротна, бо двойчы да прапаноў сваіх гісторыя не вяртаецца, і цяпер застаецца толькі разбірацца, як мы шанс той страцілі і чаму?..
Прынамсі, сказаў, калі будзем разбірацца, як страцілі і чаму, дык будзем пісаць, а будзем пісаць, дык будзем мець літаратуру, а будзем мець літаратуру — будзем мець Беларусь. І наогул, Беларусь, можа, і ёсць тое, што ўвесь час мы знаходзім і страчваем, страчваем і знаходзім. Чаму краіна, Радзіма абавязкова павінна быць у геаграфічных межах?..
Быкаў, падумаўшы, сказаў, што гэта ўва мне — эмігранцкае. І дадаў вядомае — пра пыл Радзімы, які не знесці на падэшвах ботаў”.
Васіль Быкаў прытрымліваўся пераканання, што жыццё не мусіць спыняцца нават у эміграцыі.
“Паколькі абодва нейкі час пабылі мы ў эміграцыі — размаўлялі пра гэта. Ён казаў, што дзе заўгодна, у эміграцыі таксама, можна жыць. Але нельга дзе заўгодна паміраць…
Гэта, пэўна, да таго, чаму ён вярнуўся. Доўгай дарогай дамоў…”
“А вось калі б неяк той камень сюды прыкаціўся…”
Васіль Быкаў памёр 22 чэрвеня 2003 у анкацэнтры ў Бараўлянах. Някляеў наведваў старэйшага сябра ў шпіталі. З той жа кнігі зацемак “Знакі прыпынку”:
“Ці было Быкаву страшна паміраць? Было. Я бачыў. Але было адчуванне (я добра яго помню), што страшней, чым яму паміраць, мне ўсведамляць, ведаць, што ён памірае.
Там, дзе смерць, чалавек натуральны. І банальны ў сваіх выявах. Я не знайшоў нічога лепшага, чым сказаць у дзвярах (назаўсёды, навечна між ім і сабой іх зачыняючы!):
– Мы яшчэ пасядзім, Васіль Уладзіміравіч, на вашым любімым камяні ў Вуаасары...
– Не пасядзім, Валодзя... А вось калі б неяк той камень сюды прыкаціўся…
Я прыгадаў, як ён шчаслівіўся, згадваючы паўтара гады жыцця ў Фінляндыі, і зразумеў, пра што ён сказаў. Пасля (ужо пасля пахавання) жонка (ужо ўдава) Ірына Міхалаўна нагадала мне (яна была тады ў шпітальнай палаце) нашу размову. Тое самае пра фінскі камень Быкаў сказаў і ёй”.
Камень такі прыкаціўся: цяпер валун з Фінляндыі стаў помнікам на магіле народнага пісьменіка Васіля Быкава на Усходніх могілках у Мінску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.