Рэжым у Беларусі вырашыў праігнараваць юбілей Васіля Быкава
Васіль Быкаў
Сёння спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Васіля Быкава — пісьменніка, які шчыра расказаў пра вайну. Ён быў на той вайне і пісаў пра яе з пазіцыі жывога чалавека — з яго сумневамі і страхамі. Прозу Быкава ацанілі яшчэ ў Савецкім Саюзе, ён выдаваўся вялікімі тыражамі, яго ўзнагароджвалі прэміямі, хаця для ўлады ён заўсёды заставаўся нязручным. І пры СССР, і пазней пры Лукашэнку.
Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і — недалёка ад мяжы з заходняй Беларуссю. Бачыў раскулачванне і высылку аднавяскоўцаў. Потым апісаў гэта ў "Знаку бяды". Вучыўся на скульптурным аддзяленні Віцебскай мастацкай вучэльні, але скончыць не змог, таму што адмянілі стыпендыі. Экстэрнам здаў іспыты за сярэднюю школу. У 1942 быў мабілізаваны, скончыў курс Саратаўскай пяхотнай вучэльні і ў званні малодшага лейтэнанта апынуўся на фронце. Падчас Кіраваградскай аперацыі атрымаў раненне, яго памылкова запісалі як загінулага. Тыя падзеі ляглі ў аснову аповесці "Мёртвым не баліць".
Удзельнічаў у Яска-Кішынёўскай аперацыі па вызваленні Малдовы. З дзейным войскам прайшоў па Балгарыі, Венгрыі, Югаславіі, Аўстрыі. Вайну скончыў у званні лейтэнанта, але канчаткова звольніцца з войска змог толькі ў 1955 годзе. Працаваў у "Гродзенскай праўдзе", адначасова пісаў аб тым, што бачыў і перажыў у вайну. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР і стаяў ля вытокаў стварэння Беларускага народнага фронту. Пры канцы 90-х быў вымушаны з'ехаць з Беларусі і вярнуўся на радзіму толькі за месяц да смерці. Развітацца з Быкавым у Мінску прыйшлі дзясяткі тысяч чалавек.
Лукашэнка не аднаразова грэбліва выказваўся пра Быкава. Але яго цяперашнія прыхільнікі ў крытыцы народнага пісьменніка пераплюнулі нават яго. Даносчыца Вольга Бондарава назвала франтавіка Быкава "нацыстам" і запатрабавала прыбраць яго кнігі са школьнай праграмы. А стагоддзе народнага пісьменніка (у Быкава было і гэтае званне) у Беларусі адзначаюць невялікімі лакальнымі мерапрыемствамі: запланавана сустрэча на яго радзіме ў Бычках, дзе абяцаюць міні-спектаклі паводле яго твораў і канцэрт. Праграму падрыхтаваў мясцовы цэнтр культуры. Яшчэ адно мерапрыемства анансавалі ў філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры — музеі-дачы Быкава. Тут абяцаюць літаратурныя гутаркі з наведвальнікамі і "віктарыны па загадкавых старонках творчасці", а таксама пленэр, дзе будуць распісваць шаперы "у тэхніцы маляваных дываноў на тэму "Выяўленне вобразаў В.Быкава праз інсітнае мастацтва".
Выставы да 100-годдзя Быкава праходзяць за мяжой краіны. Іх арганізоўвала дыяспара, якія з'ехалі беларусы. У Польшчы напярэдадні даты з'явіўся мурал з выказваннямі Быкава пра Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.