Лукашэнка прызначыў Народнага паэта Беларусі

Уладзімір Карызна

Уладзімір Карызна / zviazda.by

Званне "Народны паэт Беларусі" атрымаў 86-гадовы Уладзімір Карызна — аўтар словаў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Свае вершы Карызна пачаў друкаваць у 1956 годзе ў газеце "Чырвоная змена". У яго выйшла шмат паэтычных зборнікаў, многія вершы пакладзеныя на музыку.

У 2002 годзе падчас конкурсу на новы дзяржаўны гімн перамог варыянт Карызны — гэта была творчая перапрацоўка гімна БССР, які напісаў Міхась Клімковіч. Насамрэч на конкурсе найбольш галасоў набрала песня "Красуй, Беларусь", якую напісалі Леанід Пранчак і Васіль Раінчык. Але чыноўнікі заявілі, што найбольш галасоў атрымала музыка гімна БССР аўтарства Несцера Сакалоўскага, на якую было пададзена тры варыянты тэкстаў. Галасы за тры варыянты палічылі разам — і не прапусцілі "Красуй, Беларусь". Потым з трох варыянтаў абралі той, за які прагаласавалі найбольш — гэта быў тэкст Карызны.

Ад часу свайго прыходу да ўлады Лукашэнка не прысвойваў званні Народны пісьменнік Беларусі і Народны паэт Беларусі. Апошнім жывым Народным паэтам быў Ніл Гілевіч ( памёр 29 сакавіка 2016 года).

Толькі ў 2022 годзе Лукашэнка прызначыў Народным пісьменнікам Беларусі тагачаснага кіраўніка праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі