Вершы пра зіму на беларускай мове
Беларускія вершы пра зіму
Зіма ў беларускай паэзіі займае асаблівае месца, натхняючы паэтаў на стварэнне цудоўных твораў, поўных гармоніі і прыгажосці. Беларускія вершы пра зіму перадаюць усе адценні гэтага часу года: ад мяккага снежнага покрыва да сцюдзёных марозных ранкаў. У класічнай паэзіі вы знойдзеце радкі пра заснежаныя лясы, белыя палі і цяпло хатняга ачага.
Вершы пра зіму на беларускай мове адлюстроўваюць як народныя матывы, так і глыбокія развагі пра жыццё, час і прыроду. Чытанне гэтых твораў не толькі пазнаёміць з класікай беларускай літаратуры, але і дапаможа адчуць асаблівую зімовую атмасферу. Адкрыйце для сябе беларускую паэзію пра зіму ў падборцы Еўрарадыё.
Якуб Колас. "Зіма"
Надышлі марозы,
Рэчкі закавалі,
Белыя бярозы
Шэранем убралі.
Замялі дарогі
Ветрыкі снягамі.
Лес, як дзед убогі
З доўгімі вусамі,
Апусціў галіны
І стаіць журботна,
Зрэдку верхавіны
Зашумяць маркотна.
Мяккая пярына
Вочы адбірае.
Белая раўніна —
Ні канца, ні краю.
Пад пялёнкай белай
Травы і лісточкі.
Рэчка анямела,
Змоўклі ручаёчкі.
Амярцвелі лозы,
Чуць галлём хістаюць,
А ў палях марозы
Ды вятры гуляюць.
Міхась Чарот. "Шляхам зімнім"
Сенажацямі, лясамі
За санямі сані самі
Сцелюць сцежку.
Сцелюць сцілем.
У разгоне
Белы коні
Сівы грывы
Распусцілі.
Заскрыпелі, зарыпелі
Палазы ў лазе, запелі...
Просты вёрсты
Шляхам зімнім...
А сялянам - ім не зімна
У кажусе...
Коні трусяць
Ў завірусе,
Па замеценаму следу
Едуць, едуць, едуць...
Сіні снег
Сцяжынкі сее,
Усхадзілася завея -
Вее, вее, вее...
І даліна
Ў белы іней -
Гіне, гіне, гіне...
І не слізка...
Блізка, блізка
Стагі сена...
Чуць прыкметны
Багны, нетры
Ў мітусенні...
Над стагамі
Жэрдзі-вежы...
А палоззі гурбы рэжуць
Падкаванымі нагамі
І мінаюць гай за гаем...
Сівагрывых
Чутна ржанне...
- Вы - эх! Вы - эх:
Стой!
Прыехалі!
Стажарні!
Максім Лужанін. "Снег..."
Снег — трэці дзень.
Слядоў няма,
На двор і ў сад задзьмуты дзверцы.
Як мякка сцелецца зіма,
Відаць, надоўга спаць кладзецца.
Канстанцыя Буйло. "Снежны кажух"
Якая срэбная лягла зіма,
Махнаты іней густа сеў на вецці,
І калі сонца гэта ўсё асвеціць —
Мне радасць захаплення не стрымаць!
І хто сказаў, што зімы — гэта смерць,
Што замірае ў холадзе жывое.
Снежны кажух не горай можа грэць,
Як і аўчынны. Не памрэ мядзведзь
Ў пячоры снежнай сцюжнаю зімою.
Глянь на палі: пад снегам спяць жыты,
Мароз пячэ. Стаіць над полем ціша...
Глыбей у норках мірна спяць краты...
Над імі вецер белы снег калыша,
Зімой і летам ўсё жывое — жыва.
Жывое ўсё перамагае смерць...
Кажух са снегу так умее грэць,
Што летам пышна каласяцца нівы.
Максім Багдановіч. "Зімой"
Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег!
Мяцель не вее, сціхнуў вецер,
I волен лёгкіх санак бег.
Як мары, белыя бярозы
Пад сінявой начной стаяць,
У небе зоркі ад марозу
Пахаладзеўшыя дрыжаць.
Вільготны месяц стуль на поле
Празрысты, светлы стоўп спусціў
I рызай срэбнаю раздолле
Снягоў сінеючых пакрыў.
Ўзрывайце ж іх санямі, коні!
Звіні, вясёлых бомаў медзь!
Вакол лятуць бары і гоні,
Ў грудзях пачала кроў кіпець.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.