Як больш за 70 гадоў таму Карэя і КНДР аказаліся ў стане часовага перамір'я
Трамп разважае над планам перамір'я ва Украіне на ўзор "замарожвання" Карэйскай вайны 1953 года
Асноўная інтрыга наступнага года — ці скончыць Дональд Трамп вайну Расіі і Украіны, як абяцаў падчас сваёй перадвыбарнай кампаніі. І калі так, то якім чынам.
Адзін з магчымых варыянтаў, які разглядае палітык, што яшчэ не ўступіў на пасаду, — стварэнне дэмілітарызаванай зоны па лініі цяперашняга фронту — аналагічна таму, як гэта было зроблена летам 1953 года падчас Карэйскай вайны.
Пасля гэтага краіна падзялілася на дзве дзяржавы: Дэмакратычную Рэспубліку Карэю і таталітарную Карэйскую Народна-Дэмакратычную Рэспубліку.
Але міру на Карэйскі паўвостраў гэта не прынесла: абедзве краіны за 71 год так і не знайшлі паразумення і па-ранейшаму знаходзяцца ў стане канфлікту.
Еўрарадыё ў рубрыцы "Без намёкаў" расказвае, як трохгадовы канфлікт у Карэі, да якога падключыліся СССР, Кітай і ЗША, прыйшоў да нечаканага фіналу і якія ўрокі можна атрымаць з той вайны.
Гісторыя раздзялення
У пачатку XX стагоддзя Карэя была адзінай краінай, пакуль у 1910 годзе яе не акупавала Японія. Жорсткая палітыка акупацыйнага рэжыму выклікала хвалю супраціву, адным з лідараў якога стаў Кім Ір Сэн — будучы кіраўнік Паўночнай Карэі.
Падчас Другой сусветнай вайны Карэйскі паўвостраў быў вызвалены сумеснымі намаганнямі СССР і ЗША: поўнач занялі савецкія войскі, поўдзень аказаўся пад кантролем амерыканцаў. Аднак на фоне росту супярэчнасцяў паміж дзяржавамі паўвостраў быў падзелены па 38-й паралелі на дзве зоны ўплыву.
Першапачаткова меркавалася, што гэта часовая мера і Карэя неўзабаве зноў стане адзінай дзяржавай. Аднак з пачаткам халоднай вайны СССР і ЗША не змаглі дасягнуць пагаднення што да будучыні паўвострава.
У выніку на поўначы да ўлады прыйшоў Кім Ір Сэн пры падтрымцы Масквы, а на поўдні — Лі Сын Ман, абраны пры спрыянні ААН і ЗША. Абодва лідары імкнуліся аб'яднаць краіну, але кожны з іх бачыў гэта па-свойму.
Напружанне паміж поўначчу і поўднем хутка нарастала. Абодва бакі актыўна нарошчвалі свае ваенныя рэсурсы. Заручыўшыся падтрымкай Сталіна, Кім Ір Сэн пачаў планаваць наступ на поўдзень, разлічваючы на хуткую перамогу. Паўднёвакарэйскае кіраўніцтва таксама рыхтавалася да магчымай вайны, спадзеючыся на дапамогу амерыканскіх саюзнікаў. У 1950 годзе канфлікт перарос у адкрытую вайну.
Грамадзянская вайна
Першы ўдар нанеслі войскі Паўночнай Карэі, імкліва прасоўваючыся ўглыб паўднёвай тэрыторыі. ААН аператыўна падтрымала Паўднёвую Карэю, санкцыянавала ваеннае ўмяшанне, і на яе баку выступілі амерыканскія войскі.
Канфлікт набыў міжнародны характар: Паўночную Карэю падтрымлівалі Кітай і СССР, а Паўднёвай Карэі дапамагалі ЗША і саюзнікі па ААН.
Бітвы аказаліся надзвычай кровапралітнымі. Абодва бакі звярталіся да жорсткіх метадаў вядзення вайны: разбураліся гарады, гінулі дзясяткі тысяч мірных жыхароў.
Паўночная Карэя зазнала масіраваныя бамбардзіроўкі, што практычна знішчыла яе інфраструктуру. Калі стала відавочна, што ні адзін з бакоў не можа атрымаць вырашальную перамогу, былі зробленыя першыя спробы дамовіцца пра перамір'е.
З 1951 года пачаліся абмеркаванні спынення агню, аднак перамовы зацягнуліся на два гады. Бакі імкнуліся дамагчыся больш выгадных умоў, а амбіцыі лідараў ускладнялі працэс: Лі Сын Ман катэгарычна адмаўляўся ісці на кампрамісы, спадзеючыся працягнуць вайну.
Між тым разбурэнні на абедзвюх тэрыторыях дасягнулі катастрафічных маштабаў, а чалавечыя страты ішлі на сотні тысяч.
Асноўныя змены адбыліся ў 1953 годзе. Смерць Сталіна аслабіла падтрымку Паўночнай Карэі з боку СССР, а Кітай, сутыкнуўшыся з вялікімі стратамі, таксама пачаў схіляцца да завяршэння вайны. У той жа час амерыканцы нанеслі ўдар па сельскагаспадарчых рэсурсах поўначы, пагоршыўшы гуманітарны крызіс.
Вечная вайна
27 ліпеня 1953 года было падпісанае пагадненне пра перамір'е. Лінія фронту замацавалася па 38-й паралелі, стварыўшы адну з самых умацаваных межаў у свеце.
Сёння Паўднёвая Карэя ператварылася ў адну з найбуйнейшых эканомік свету, у той час як Паўночная Карэя застаецца беднай і ізаляванай.
І хоць актыўныя баявыя дзеянні спыніліся, канфлікт фармальна не быў завершаны, і абедзве краіны застаюцца ў стане вайны. Перамір'е толькі дазволіла ім пачаць аднаўленне.
Наколькі такі варыянт "карэізацыі" вайны ва Украіне можа быць рэальны, ваенныя эксперты пакуль меркаваць не бяруцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.