Зяленскі распавёў, што палонныя салдаты з КНДР былі параненыя і не выжылі
Дыктатар пасылае вайскоўцаў КНДР на вайну ў Еўропу
Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў вечаровым відэазвароце кажа, што расіяне робяць усё магчымае, каб паўночнакарэйскіх вайскоўцаў не захапілі ў палон. Іх пасылаюць на штурмы з мінімальнай абаронай. Фіксаваліся факты, калі параненых у баі дабівалі свае.
Зяленскі згадаў паведамленні, што некалькіх салдат з КНДР узялі ў палон. Па яго інфармацыі, яны "былі вельмі цяжка параненыя, і іх не ўдалося рэанімаваць". Таму жывых паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у палоне пакуль няма.
"Карэйскі народ не павінен губляць сваіх людзей у баях у Еўропе, — кажа прэзідэнт Украіны. — І на гэта могуць паўплываць, у прыватнасці, і суседзі Паўночнай Карэі, у прыватнасці Кітай. Калі Кітай шчыры ў сваіх заявах аб тым, што вайна не павінна пашырацца, неабходны адпаведны ўплыў на Пхеньян".
Паўночнакарэйскія падраздзяленні, якія ўдзельнічаюць у вайне з Украінай на баку Расіі, маглі за апошні тыдзень страціць у Курскай вобласці параненымі і забітымі тысячу чалавек. Пра гэта ў пятніцу на прэс-канферэнцыі заявіў афіцыйны прадстаўнік Белага дома Джон Кірбі. У Кіеве называлі і большую лічбу страт вайскоўцаў з КНДР.
Як вядома, КНДР паслала ў Расію 12 тысяч сваіх вайскоўцаў. Ужо восенню іх падраздзяленні адправілі ў Курскую вобласць, частку якой працягваюць утрымліваць украінскія войскі. Нямала паўночнакарэйскіх вайскоўцаў загінулі ад ударных дронаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.