У Лагойску бульдозерам зносяць графскія стайні ў сядзібе Тышкевічаў

Знос стайняў на тэрыторыі лагойскай сядзібы Тышкевічаў

Знос стайняў на тэрыторыі лагойскай сядзібы Тышкевічаў / тэлеграм-канал "Лагойская манюка"

У былой сядзібе графаў Тышкевічаў у Лагойску знішчаюць гістарычны будынак, які чыноўнікі называюць "баракам".

Будынак зносяць бульдозерамі, а драўляныя часткі спальваюць. Відэа зносу з'явілася ў тэлеграм-канале "Лагойская манюка".

Выцягнуты будынак стайняў (54х11 м) размяшчаецца ў паўночнай частцы былой сядзібы Тышкевічаў, недалёка ад палаца, ад якога застаўся невялікі фрагмент. Побач з ім знаходзіцца таксама будынак лядоўні.

Палацава-паркавы комплекс на беразе Гайны пабудаваў граф Пій Тышкевіч у 1814—1819 гадах у стылі моднага тады ампіру. У 1842 годзе браты Яўстах і Канстанцін Тышкевічы заснавалі ў лагойскай сядзібе першы ў Беларусі музей старажытнасцяў (яго ўнікальную калекцыю пазней вывезлі ў Вільню). За савецкім часам у сутарэннях палаца органы НКУС зрабілі вязніцу, а ў канцы Другой сусветнай вайны будынак падарвалі немцы. У пасляваенны час тэрыторыя парку стыхійна забудоўвалася.

Супрацоўнікі мясцовага музея заявілі аўтарам тг-канала "Лагойская манюка", быццам сцены і страха стайні, якія цяпер зносяць, не маюць гістарычнай каштоўнасці. Ад часоў Тышкевічаў, маўляў, захаваўся толькі падмурак будынка, а яго зносіць не плануюць — закансервуюць.

У каментары "Нашай Ніве" спецыялісты назвалі сумнеўнымі заявы пра адсутнасць гістарычнай каштоўнасці будынка. На іх думку, гэта самадзейнасць мясцовых уладаў. Чыноўнікі хочуць прыбраць з цэнтра горада непрывабны будынак, які з выгляду стаў нагадваць барак, калі яго прыстасавалі пад жытло.

Сядзіба ў Лагойску адносіцца да гістарычных помнікаў трэцяй катэгорыі. Юрысты Мінкульта дамагліся таго, каб рашэнні па работах на такіх помніках прымалі мясцовыя чыноўнікі, а не спецыялісты профільнага ведамства.

Да таго ж сёлета ў траўні Мінкульт у сваіх дакументах змяніў склад сядзібы Тышкевічаў. Раней у ім быў пазначаны "будынак былой стайні", а стала "рэшткі падмуркаў і цокаль былой стайні". Адпаведнае рашэнне прыняла навукова-метадычная рада пры міністэрстве, але чым яна кіравалася — невядома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі