У Беларусі міністр загадаў падрыхтаваць "настольную кнігу агранома"
Нарада ў міністэрстве сельскай гаспадаркі
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Анатоль Ліневіч загадаў падрыхтаваць "настольную кнігу агранома". Прагучала гэта ў аўторак на нарадзе ў міністэрстве, прысвечанай узаемадзеянню з навукова-практычнымі цэнтрамі НАН. Ліневіч запатрабаваў "цеснага ўзаемадзеяння навукі і практыкі", бо толькі так можна дасягнуць "найлепшых вынікаў у развіцці сельскай гаспадаркі краіны".
Высветлілася, што ў сельскай гаспадарцы хапае праблем. Напрыклад, міністр у чарговы раз гаварыў, што "праца ў сельскагаспадарчых арганізацыях... павінна грунтавацца на строгім захаванні патрабаванняў і рэгламентаў вырошчвання сельгаскультур ад своечасовага пасеву і ўнясення угнаенняў да належнага захавання збожжа пасля ўборкі".
Анатоль Ліневіч заявіў на нарадзе, што "зямля памылак не даруе". І запатрабаваў распрацаваць "простыя і зразумелыя рэкамендацыі, каб кожны аграном у любым пункце Беларусі выразна разумеў, што і ў якія тэрміны яму трэба рабіць з улікам умоў надвор'я і геаграфічных умоў рэгіёнаў".
У сельскай гаспадарцы не хапае спецыялістаў, а ў тых, якія ёсць, відаць, не хапае кваліфікацыі. Да таго ж, нямала аграномаў трапляюць пад суд — і за палітыку, і за крымінал. Давялося дазволіць працаваць аграномамі замежнікам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.