У заходніх фільмах і серыялах бум негатыўных згадак Беларусі — ці дрэнна гэта?
Аўтарытарная Беларусь трывожыць заходніх кіношнікаў
Мінулай восенню Беларусь стала аб'ектам нечаканай увагі з боку амерыканскіх і брытанскіх кінематаграфістаў. Еўрарадыё адшукала чатыры згадкі — у серыялах “Шлях”, “Дзень Шакала”, “Агенцтва” і трэйлеры будучага фільма “Цясніна”, — але іх можа быць яшчэ больш. Толькі не спяшайцеся радавацца — усе яны выключна негатыўныя.
Заходнія кінематаграфісты ўспрымаюць нашую краіну як небяспечнае месца, дзе дзейнічаюць кілеры, шпіёны, дыктатары — усё ў традыцыях эпохі новай халоднай вайны. І нельга сказаць, што кіношнікі моцна перабольшваюць — з улікам геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне.
Мы раскажам падрабязней пра гэтыя згадкі, а кінакрытык Міхаіл Сандыга патлумачыць, наколькі дэманізацыя ў кіно псуе і без таго нядобры міжнародны імідж Беларусі.
Тэрыторыя супрацьстаяння спецслужбаў
У амерыканскім серыяле “Агенцтва” стрымінгавага сэрвісу Paramount+, спрадзюсаваным акцёрам і рэжысёрам Джорджам Клуні, Беларусь выступае месцам, дзе разгортваюцца падзеі, што ствараюць шматлікія праблемы для галоўнага героя — агента з мянушкай Марсіянін (у выкананні Майкла Фасбендэра).
Адзін са шпіёнаў ЦРУ трапляе ў рукі беларускіх спецслужбаў, праз што агенты з усяго свету, у тым ліку з Расіі і Украіны, рызыкуюць быць выкрытыя — і гэта можа прывесці да катастрофы. Таму Марсіянін мусіць вырашыць наспелы палітычны крызіс сваёй канторы ў Беларусі.
Таксама ў адным з эпізодаў ёсць сцэна, дзе персанаж Рычарда Гіра праз відэасувязь абмяркоўвае сітуацыю ў Беларусі са сваім начальствам. Ён называе яе “лакальнай праблемай”, на што атрымлівае адказ: “Джым, мы абодва ведаем, што такой рэчы, як лакальная праблема ў Беларусі, не існуе”.
Забойства высокапастаўленага пасажыра беларускага самалёта
У 90-я сярод апазіцыйных колаў нарадзіўся палітычны мем, што Беларусь уратуе толькі снайпер. Праз трыццаць гадоў яго, магчыма, увасобяць у амерыканскім фільме “Цясніна” Cкота Дэрыксана, які выйдзе ў наступным годзе, 14 лютага, на платформе Apple TV+.
Сюжэт фільма расказвае пра дваіх прафесійных снайпераў, іх граюць Аня Тэйлар-Джой і Майлс Тэлер, якіх скіроўваюць на супрацьлеглыя бакі вялізнай цясніны. Нягледзячы на адлегласць, паміж імі ўзнікаюць пачуцці, але іх галоўная задача — супрацьстаяць невядомым пачварам, што хаваюцца пад іх нагамі.
Гераіню Тэйлар-Джой падключаюць да праекта пасля місіі па ліквідацыі высокапастаўленага пасажыра самалёта, на якім намаляваны беларускі флаг. Хто гэта можа быць, пакуль незразумела. Трэйлер, дзе была паказаная нарэзка гэтай сцэны, адказу на пытанне не дае.
Гушчэча Смаргоні
Беларусь таксама стала часткай сюжэта брытанскага шпіёнскага серыяла “Дзень Шакала”. Праект уяўляе сабой адаптацыю рамана 1971 года Фрэдэрыка Фарсайта пра спробу забойства французскага генерала Шарля дэ Голя, перанесеную ў сучаснасць са значнымі зменамі ў сюжэце і характарах герояў.
Англійскі акцёр Эдзі Рэдмэйн грае таго самага Шакала — няўлоўнага кілера, які за вялікія ганарары выконвае самыя складаныя замовы сваіх працадаўцаў. У пэўны момант на яго след нападае брытанская спецслужба MI6.
Эксперт па зброі Б’янка (Лашана Лінч) выходзіць на след збройніка, звязанага з Шакалам. Той прыводзіць яе ў Беларусь, а дакладней у Смаргонь, дзе гэты збройнік хаваецца.
Паводле версіі стваральнікаў серыяла, Смаргонь акружаная густымі лясамі. Тут брытанскія агенты знаходзяць закінутую хату, дзе хаваецца злачынца.
Першы сезон “Дня Шакала” ўжо цалкам выйшаў і атрымаў добрыя водгукі ад прэсы і гледачоў, дзякуючы чаму шоу працягнулі на яшчэ адзін сезон.
Краіна, дзе масава адключаюць інтэрнэт
У новым брытанскім міні-серыяле “Шлях” Беларусь згадваецца ў кантэксце пратэстаў ва Уэльсе, што разгарэліся ў недалёкай будучыні. Героі згадваюць досвед беларусаў, дзе ўлады адключылі інтэрнэт, каб здушыць народны пратэст, хутчэй за ўсё маючы на ўвазе падзеі 2020 года.
Агулам серыял раскажа пра сям'ю Дрыскалаў, якую ўцягнулі ў палітычнае супрацьстаянне, што змусіла іх пакінуць родную краіну. У галоўных ролях зняліся брытанскія акцёры Майкл Шын, Люк Эванс і Сафія Мэлвіл. Сцэнарыстам выступіў Джэймс Грэм.
“Мы часам паказваем уласную краіну не менш стэрэатыпна за замежнікаў”
Як бачым, нічога добрага замежныя кіношнікі ад Беларусі не чакаюць. Кінакрытык Міхаіл Сандыга з гэтым пагаджаецца, але лічыць важным кожны такі выпадак успрымаць асобна, а не як сфармаваны трэнд.
“Часам гэтая негатыўнасць звязаная з не такімі ўжо далёкімі ад праўды палітычнымі стэрэатыпамі, [як медыйнае клішэ] "апошняя дыктатура Еўропы". І гэта, можа, і сумна, але зразумела.
Яшчэ часцей Беларусь [успрымаецца як] абстрактная экзатычная ўсходнееўрапейская краіна ці такая ж абстрактная глухмень, як у нядаўнім "Дні Шакала". Такія выпадкі найгоршыя. Але бывае як у серыяле The Way пра пратэсты ў валійскім шахцёрскім гарадку, куды ўваходзяць вайскоўцы брытанскага ўрада, і адсылка да Беларусі — тут хутчэй праява салідарнасці ("Мы не забыліся на вас, мы разам"), якая таксама дапамагае іранічна нагадаць брытанскім суайчыннікам, маўляў, сёння вы думаеце, што ў вас такога ніколі не здарыцца, але міне некалькі гадоў, і аўтарытарызм можа паўтарыцца там, дзе цяпер пануе дэмакратыя”.
Згадвае Сандыга і іншыя, больш пазітыўныя, адсылкі да Беларусі ў Галівудзе і кітайскім кіно.
“Бываюць і рэдкія выпадкі, як з усім вядомым [кілерам у выкананні Кіяну Рыўза] Джонам Уікам, які, вядома, забойца, затое харызматычны, з кодэксам гонару і любіць свайго сабачку.
Альбо зусім нечаканыя культурныя скрыжаванні, як у кітайскім фільме “Настаўнік" (Shi fu, 2015). Там мы бачым беларускіх танцораў у эстрадна-народных строях у акупаваным Цяньцзіні 30-х гадоў ХХ стагоддзя, і яны — імаверна, частка антысавецкай эміграцыі. А галоўная танцорка — хоць і другасны, але станоўчы персанаж і ў канцы з'язджае ў Бразілію з адным з галоўных герояў”.
Эксперт упэўнены, што мае сэнс не толькі скардзіцца на "няправільную" рэпрэзентацыю, якой немагчыма пазбегнуць, але і заўважаць найбольш цікавыя выпадкі і расказваць перадусім пра іх.
“І, натуральна, здымаць уласныя фільмы, пісаць кнігі і артыкулы, дзе вобраз Беларусі будзе больш аб’ёмны — бо цяпер мы часам паказваем уласную краіну не менш стэрэатыпна за замежнікаў”, — падсумоўвае Міхаіл.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.