ЗША заклікалі да безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі
На мерапрыемстве ў Вільні
Адбыўся Другі стратэгічны дыялог паміж Злучанымі Штатамі і беларускім дэмакратычным рухам. Мерапрыемства прайшло ў Вільні (летась у снежні яно праходзіла ў Вашынгтоне). У ім удзельнічалі прадстаўнікі беларускага дэмруху, грамадзянскай супольнасці і амерыканскіх урадавых устаноў. Сустаршынямі былі намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Крыстафер У. Сміт і кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская.
Разглядалася сітуацыя ў Беларусі, дзе не спыняюцца рэпрэсіі. ЗША заклікалі да безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі (іх на сённяшні дзень каля 1300). Адзначаецца, што рэжым Лукашэнкі стварае атмасферу страху, пры якой выбарчыя працэсы нельга лічыць дэмакратычнымі.
У фокусе ўвагі ўдзельнікаў стратэгічнага дыялогу былі і "пытанні прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі і прадстаўнікоў яго рэжыму за ўчыненыя злачынствы, санкцыйная палітыка, а таксама справядлівасць для беларусаў". Ціханоўская гаварыла, што беларусы чакаюць ад ЗША і іншых дэмакратычных саюзнікаў паслядоўнасці.
Як піша амбасада ЗША ў Беларусі, з 2020 года агульная сума амерыканскай дапамогі для беларусаў склала больш за $140 мільёнаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.