Вынікі 2024 года ў беларускім кіно: “Пад шэрым небам”, “Марыля” і Гнёт на волі
Шукаем пазітыўныя моманты ў айчыннай кінакультуры напрыканцы года
Сітуацыя з беларускім кінамастацтвам апошнія некалькі гадоў выглядае гнятліва. “Беларусьфільм” амаль цалкам ператварыўся ў канвеер кінапрапаганды, а незалежныя ад дзяржавы аўтары працягваюць страчваць магчымасці для творчасці праз недахоп фінансавання.
2024 год толькі замацаваў гэтую невясёлую тэндэнцыю. Пазітыўных зменаў сёлета так і не адбылося, а святкаванне стагоддзя кінематографу ў Беларусі і эміграцыі нагадвала хутчэй вясёлыя хаўтуры, чым сапраўдны юбілей.
Кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі ўспамінае, чым запомніўся мінулы год.
Найлепшы ігравы фільм — “Пад шэрым небам” (рэж. Мара Тамковіч)
Недахоп стужак і адсутнасць канкурэнцыі стварыла ўнікальную сітуацыю пільнай увагі да кожнага значнага праекта.
Летась шмат абмяркоўвалі “Радзіму” Ганны Бадзяка і Аляксандра Міхалковіча і серыял “Працэсы” Андрэя Кашперскага і Міхася Зуя — абодва праекты рэфлексавалі наконт умоваў існавання ў пострэвалюцыйнай краіне.
Сёлета эстафету перахапіла псіхалагічная драма “Пад шэрым небам” Мары Тамковіч пра жыццё беларускіх палітвязняў і іх сваякоў ва ўмовах рэпрэсіўнай дзяржавы і канцэнтраванай несвабоды.
У “Беларусьфільма” з заўважных праектаў выйшаў толькі “Чорны замак” паводле Караткевіча. Але, па вялікім рахунку, гэта проста забаўляльнае кіно, да таго ж знятае фактычна расіянамі, якое існуе ў рэчаіснасці бяспечнай і турыстычна прывабнай Беларусі.
“Пад шэрым небам” у сваю чаргу расказвае пра нашу траўматычную штодзённасць мовай мастацкіх вобразаў, і сацыяльную важнасць такой стужкі немагчыма аспрэчыць.
Найлепшы дакументальны фільм — “Вяселле сына” (рэж. Глеб Старавераў)
Незалежнае кіно звычайна існуе ў эмацыйным дыяпазоне бясконцага мінору: сум, пакуты, меланхолія. Выйгрышна на гэтым шэрым фоне выглядаюць аўтары, якія не баяцца іранізаваць з сябе і герояў сваіх стужак.
Сапраўднай перлінай апошняга фестывалю “Бульбамуві” стала дакументальная камедыя “Вяселле сына” таямнічага дакументаліста пад псеўданімам Глеб Старавераў. Ён зняў нечакана гамерычна смешнае вяселле ў адной з вёсачак Беларусі. Выкуп нявесты і п’яныя фокусы бацькі жаніха нагадваюць найлепшыя прыклады вясковай камедыі серба Эміра Кустурыцы ці расіяніна Жоры Крыжоўнікава, толькі з улікам, што беларускі аўтар фіксуе рэчаіснасць, а не спрабуе яе стварыць.
Але сапраўдная вартасць “Вяселле” — схаваны драматычны аб’ём герояў, якія за бясконцымі жартамі хаваюць уласную трывогу і боль ад зусім няпростага жыцця ў беларускай глыбінцы.
Найлепшая анімацыя — працяг мультсерыяла “Марыля. У пошуках дзіўнікаў”
Сярод анімацыйных праектаў, якія выйшлі сёлета, можна вылучыць поўнаметражны 3D-мультфільм “Песня Сірын”, які Алена Турава з камандай некалькі гадоў здымала на “Беларусьфільме”, і працяг мультсерыяла “Марыля”, створанага прыватнай студыяй Oblako на замову сэрвісу Voka.
Яны вельмі падобныя адзін да аднаго — абодва фэнтезійныя, працуюць з беларускім фальклорам і арыентаваныя выключна на дзіцячую аўдыторыю.
Нягледзячы на ўсю манструознасць “Сірын” (гэта фактычна першы 3D-мультфільм дзяржстудыі), больш выйгрышна выглядае усё ж “Марыля”. Тут знайшлося месца не толькі захапляльнай гісторыі, але і беларускай мове, пазнавальным дэкарацыям Мінска, чаго ў наўмысна ўніверсальным беларусьфільмаўскім мультфільме папросту няма.
Найлепшы cерыял — “Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі”
У серыяльным фармаце сёлета заўважнымі сталі два ютуб-праекты: рэаліці-шоу “Kanaplev+Leidik: Без рэтушу” і альманах “Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі”.
Першы — дакументальнае закуліссе працы сям’і фатографаў Яўгена Капаплёва і Юліі Лейдзік, што распрацоўваюць мастацкія вобразы публічных асоб перад іх здымкамі, ад Святланы Ціханоўскай да музыкаў гурта “Бі-2”.
У “Артэфактаў” больш кінематаграфічны антураж — гэта мінісерыял пра пяць экспанатаў варшаўскага Музея Вольнай Беларусі. Праз іх каманда аўтараў пад куратарствам дакументаліста Максіма Шведа расказвае пра лёс беларусаў-эмігрантаў: мастачкі Руфіны Базловай, актывісткі Іны Зайцавай, журналіста Аляксандра Івуліна і іншых.
Атрымаўся захапляльны праект, які шмат што кажа пра наш сённяшні складаны час.
Падзея года — салідарнасць кінасупольнасці з палітвязнем Андрэем Гнётам
Галоўным палітычным трылерам апошняга часу стала барацьба за вызваленне з сербскай турмы відэамэйкера Андрэя Гнёта. Мужчыну праз палітычны актывізм у 2020 годзе спрабавалі дэпартаваць у Беларусь, але паднятая медыйная хваля вымусіла сербскія ўлады адступіць.
Цаглінай у гэтых сумесных намаганнях стаў адкрыты ліст Беларускай незалежнай кінаакадэміі ў падтрымку палітвязня, які падтрымалі Еўрапейская кінаакадэмія і шэраг культурных дзеячаў з розных еўрапейскіх краін.
У ім рэкламшчыка Гнёта чамусьці называлі рэжысёрам, не ўдакладняючы, што да кінасферы ён не мае ніякага дачынення. Але на вайне ўсе сродкі добрыя — галоўнае, што гэта мела плён і беларус выйшаў на волю, дзе ў снежні нават паўдзельнічаў у цырымоніі ўзнагароджання Еўрапейскай кінаакадэміі.
Атрымалася галівудская гісторыя з сапраўды кінематаграфічным хэпі-эндам.
Скандал года — Рыгор Азаронак у штаце студыі “Летапіс”
Дэфіцыт новых кінапраектаў кампенсаваўся шматлікімі нагодамі для сораму, якія з зайздроснай рэгулярнасцю з’яўляліся ў беларускай кінапрасторы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.