Рыгора Азаронка запрасілі працаваць на “Беларусьфільм”
Рыгор Азаронак
Адыёзнага тэлепрапагандыста і ютуб-блогера Рыгора Азаронка запрасілі працаваць на “Беларусьфільм“ у якасці рэжысёра дакументальнай студыі “Летапіс”. Пра гэта Еўрарадыё расказалі крыніцы з асяроддзя дзяржкінастудыі.
Азаронак там здыме два праекты, звязаныя з падзеямі 2020 года. Магчыма, гаворка ідзе пра тыя пераломныя падзеі з пазіцыі рэжыма. На студыю Азаронак трапіў праз пратэкцыю сённяшняга гендырэктара Юрыя Аляксея.
Прапагандыст не аднойчы абураўся, што “Беларусьфільм” не здымае фільмы пра тое, як рэжым задушыў пратэсты ў 2020 годзе. І таму было тлумачэнне — у Мінкульт не дасылалі ідэі і сцэнары фільмаў на гэтую тэматыку.
Рыгор Азаронак працягне сямейную традыцыю — яго бацька Юрый Азаронак стаў знакамітым праз прапагандысцкія тэлестужкі ў 1990-я гады. У сваіх працах ён выкрываў ва ўсіх грахах апазіцыйныя сілы, што дазволіла яму ўвайсці ў давер да Лукашэнкі.
Малодшы Азаронак, як і бацька, скончыў Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “Рэжысёр”. Дыпломнай працай Рыгора стаў фільм “Салдат Хрыста. Юрый Вараб’ёўскі”, прысвечаны аднайменнаму праваслаўнаму пісьменніку і канспіролагу з Расіі.
З таго моманта Рыгор Азаронак больш кіно не здымаў, але цяпер у яго з’явіўся шанец рэалізаваць аўтарскія амбіцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.