Найлепшая кухня ў свеце і кім працавалі бацькі Кевіна з “Адзін дома” — #ІхНоравы

Міжнародныя навіны

Міжнародныя навіны / @rubanau_collage

26 снежня выйшаў другі сезон “Гульні ў кальмара”, у той жа час махляры ў Кітаі прыдумалі схему ў стылі гэтага серыяла. А выданне TasteAtlas вызначыла найлепшую кухню 2024 года.

Пра гэта ды іншае чытайце ў нашай штодзённай рубрыцы “Іх норавы”.


“Махлярства ў кальмара”

Махляры ў Кітаі запусцілі чэленджы па ізаляцыі, удзельнікі якіх купляюць білеты ў надзеі выйграць да 1 млн юаняў (гэта 140 тысяч долараў), а ў выніку проста страчваюць свае грошы.

Чэленджы рэкламуюцца ў сацсетцы Douyin (так называецца Цікток у Кітаі), яны прыдуманыя па матывах паўднёвакарэйскага серыяла “Гульня ў кальмара” з адным адрозненнем: у выпадку пройгрышу гульца не пазбаўляюць жыцця. 

Найлепшая кухня ў свеце і кім працавалі бацькі Кевіна з “Адзін дома” — #ІхНоравы
“Гульня ў кальмара”

Удзельнікаў выпрабаванняў знаёмяць з доўгім спісам правілаў, якія забараняюць ім кантактаваць з іншымі людзьмі, выходзіць у прыбіральню больш чым на 15 хвілін, курыць, выкарыстоўваць электронныя прылады і іншымі.

Каб прабыць у поўнай ізаляцыі некалькі дзён пад назіраннем відэакамер, гульцы плацяць некалькі сотняў долараў. Адзін гулец з прозвішчам Сан заплаціў за білет 740 долараў, каб праседзець у замкнутым пакоі 30 дзён і выйграць 34 тысячы долараў. На трэці дзень яго выпрабаванне скончылася праз забарону хаваць твар больш чым на тры секунды, якую нібыта парушыў мужчына, прыкрыўшы твар падушкай.

Суд усходняй правінцыі Шаньдун абавязаў вярнуць Сану грошы за білет. У пастанове гаворыцца, што ўмовы гульні несправядлівыя і "парушаюць грамадскі парадак і маральныя нормы".


Грэцкая кухня — найлепшая ў свеце

Гастранамічная энцыклапедыя TasteAtlas апублікавала штогадовы рэйтынг найлепшых кухняў свету. Першае месца сёлета заняла грэцкая кухня, за ёй ідуць італьянская і мексіканская.

Найлепшая кухня ў свеце і кім працавалі бацькі Кевіна з “Адзін дома” — #ІхНоравы

Крыс Каламбус нарэшце растлумачыў, як Макалістэры маглі дазволіць сабе такі велізарны дом у Чыкага

Выданне The Hollywood Reporter спытала ў рэжысёра Крыса Каламбуса, кім працавалі бацькі Кевіна Макалістэра з фільма "Адзін дома". Фанаты доўгія гады спрабавалі зразумець, як героям удалося зарабіць на такі агромністы дом, а таксама на навагодні адпачынак для ўсёй іх вялікай сям'і.

Паводле Каламбуса, легенду яны прыдумалі разам са сцэнарыстам і прадзюсарам фільма Джонам Х'юзам. Кейт Макалістэр, гераіня Кэтрын О’Хары, "была вельмі паспяховай мадэльеркай", на што намякаюць манекены ў падвале дома. Што да Пітэра Макалістэра, персанажа Джона Херда, то рэжысёр не змог успомніць дакладна: “Бацька мог працаваць у рэкламе, як сам Джон Х'юз, але я не памятаю дакладна, чым ён займаўся”, — сказаў Каламбус.

Пры гэтым ён цалкам упэўнены: адна з папулярных фанацкіх тэорый пра тое, што бацька Кевіна быў бандытам і яго паспрабавалі абрабаваць яго ж паплечнікі Гары (Джо Пешы) і Марв (Дэніэл Стэрн), — няслушная. 

Найлепшая кухня ў свеце і кім працавалі бацькі Кевіна з “Адзін дома” — #ІхНоравы
"Адзін дома"

"Ён дакладна не быў звязаны з арганізаванай злачыннасцю, хоць у той час у Чыкага яе сапраўды было шмат", — падкрэсліў Каламбус.


Сабакі ў форме

Брытанская армія пачала выкарыстоўваць сродкі абароны для сабак, якія знаходзяцца ў зонах баявых дзеянняў.

Паводле камандзіра кіналагічнага палка, палкоўніка Эна О'Фліна, патрэба ў чатырохногіх сябрах у брытанскай арміі вырасла за апошнія 15-20 гадоў. Раней сабак выкарыстоўвалі ў якасці ахоўных і пошукавых, але цяпер кола задач значна пашырылася.

Найлепшая кухня ў свеце і кім працавалі бацькі Кевіна з “Адзін дома” — #ІхНоравы
The Sun

СМІ пішуць, што ў рамках павышэння функцыяналу задач брытанская армія забяспечыць чатырохногіх высокатэхналагічнымі камізэлькамі і ахоўнымі акулярамі. Таксама ў камплект для сабак увойдуць навушнікі і боты на гумавай падэшве для абароны лап ад перападаў тэмператур, шкла і аскепкаў.

Новае абсталяванне для чатырохногіх дазволіць вайскоўцам нават скакаць з парашутам з самалётаў. Актыўныя выпрабаванні новага абсталявання для кіналагічных службаў арміі ўжо завершаныя, і першыя падраздзяленні атрымаюць усё неабходнае найбліжэйшым часам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі