"Мыццё барод" папоўніла Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей
Абрад "Мыццё барод"
Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі павялічыўся на два пункты.
24 снежня Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны надала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці абрадавай дзеі "Мыццё барод", паведамляе тэлеканал АНТ. Гэта частка сямейна-родавага абраду "Радзіны" (Хрэсьбіны),зафіксаваная ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці. Гэтую старажытную дзею адраджае і захоўвае народны фальклорны ансамбль "Блізнянка" (кіраўніца Вольга Чобат) фiлiяла Сiльнiцкi сельскi дом культуры ДУК "Полацкi раённы Цэнтр культуры".
Таксама статус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымала традыцыя вырабу мугіраў — вышытых і намаляваных малітваў з Карана для ўбранства храмаў і дамоў. Мугіры прызначаліся для пашырэння рэлігійных ведаў, але ў народзе лічыліся абярэгамі. Першапачаткова іх рабілі туркі-качэўнікі, ад якіх традыцыя перайшла да крымскіх татараў.
У беларускіх татараў выраб мугіраў вядомы з XVI стагоддзя. Іх ывкарыстоўвалі і для насценнага аздаблення мячэці, і для жылога дома. Спачатку мугір выраблялі з казінай воўны, а потым — з іншых тканін і матэрыялаў.
Гэтую традыцыю развіваюць у Іўі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.