5 найлепшых экранізацый твораў Васіля Быкава і дзе іх глядзець
Быкаў на здымачнай пляцоўцы фільма "Альпійская балада"
Жорсткая і псіхалагічна дакладная ваенная проза Васіля Быкава застаецца запатрабаваннай не толькі ў шматлікіх пакаленняў чытачоў. Натхняюцца ёю і кінематаграфісты — як савецкія, так і сучасныя. Агулам паводле твораў беларускага пісьменніка стварылі каля 30 экранізацый.
Еўрарадыё згадвае пяць найлепшых з нагоды стагадовага юбілею Быкава.
“Альпійская балада” (1965)
Рэжысёр — Барыс Сцяпанаў
Савецкі вайсковец Іван (Станіслаў Любшын) і італьянская антыфашыстка Джулія (Любоў Румянцава) уцякаюць з канцлагераў і спрабуюць схавацца ад пераследу ў Альпах, дзе выпадкова сустракаюцца і праводзяць тры дні.
Трагічная, светлая і жахлівая гісторыя пра апошнія хвіліны шчасця і надзеі перад смерцю. Васіль Быкаў стварыў выключную паэтычную баладу пра духоўнае яднанне і ахвярнасць ваеннага часу людзей дзвюх розных культур, што бліскуча ўвасобіў на экране Барыс Сцяпанаў.
“Узыходжанне” (1976)
Рэжысёрка — Ларыса Шапіцька
Два партызаны — Сотнікаў і Рыбак — у пошуках ежы трапляюць у палон да нямецкіх вайскоўцаў. Рыбак вырашае супрацоўнічаць з нацыстамі, а Сотнікаў абірае смерць.
“Узыходжанне” ўкраінскай рэжысёркі Ларысы Шапіцька — выдатны прыклад ідэальнай экранізацыі быкаўскай літаратуры. Аўтарка вывучае чалавечую годнасць пад прэсам надзвычайных абставінаў, ператвараючы гісторыю пра маральны выбар ва ўмовах вайны ў эсхаталагічную прыпавесць пра грахі і збавенне.
“Знак бяды” (1986)
Рэжысёр — Міхаіл Пташук
Жыхарка вёскі Сцепаніда абараняе падчас Другой сусветнай вайны свой дом і сваю сям'ю ад гітлераўскіх салдат.
Амаль даслоўная экранізацыя быкаўскага твора, прасякнутая пачуццём незваротнай катастрофы. Няма канца і краю бедам, якія валяцца на галоўных герояў, Сцепаніду і Петрака. Карціна Пташука — адзін вялікі згустак пакутаў і болю, які ў пэўны момант дасягае піку, ператвараючыся ў антычную трагедыю.
“На чорных лядах” (1995)
Рэжысёр — Валерый Панамароў
Атрад Слуцкага збройнага чыну змагаецца супраць чырвонаармейцаў, але безвынікова — бальшавікі перамагаюць. Паўстанцам нельга трапляцца ні жывымі, ні мёртвымі. Параіўшыся з імі, камандзір прымае неадназначнае рашэнне.
Шматпакутная экранізацыя антысавецкага твора Быкава, якая так раззлавала прарасійскі ўрад Лукашэнкі, што копію стужкі фактычна скралі са студыі “Беларусьфільм” перад паказам. Праз 29 гадоў гісторыя паўтарылася — адрэстаўраваную і апублікаваную летам 2020 года стужку студыя схавала з публічнага доступу, што чарговым разам падказвае — рэпрэсіўная імперыя нікуды не падзелася.
“У тумане” (2012)
Рэжысёр — Сяргей Лазніца
БССР, 1942 год. Краіна пад нацысцкай акупацыяй. Чыгуначнага абыходчыка Сушчэню несправядліва абвінавачваюць у калабарацыі. Адчайна спрабуючы выратаваць сваю годнасць, ён сутыкаецца з немагчымым маральным выбарам.
Пераканаўча і прыгожа знятая драма "У тумане" адлюстроўвае маральныя супярэчнасці і барацьбу чалавека за годнасць у складаных умовах вайны. Як і Шапіцька, Лазніца стварае з псіхалагічнага твора Быкава гуманістычную прыпавесць пра моц свабоды волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.