Някляеў: Выбары могуць адкласці на год

Лідэр грамадскай кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў не выключае таго, што прэзідэнцкія выбары могуць быць перанесеныя на год. Пра гэта ён заявіў у размове з Еўрарадыё. Някляеў: “Безумоўна, гэтыя выбары не могць быць адмененыя. Гэта была б катастрофа. Але тое, што яны могуць быць адкладзеныя, – я не выключаю. На Нацыянальным сходзе ў звязку з тым, што нас з усіх бакоў акружылі ворагі, нават Расія перакрывае ўсе трубы, якія толькі можа перакрыць, - гэта можа быць названа як адна прычына, па якой трэба ратаваць Айчыну, а не займацца дэмакратычнымі гульнямі. Грошай няма. Яны былі, але гад “Газпрам” забраў! Вось каб былі грошы, дык правялі б гэтыя выбары. А як няма, то што іх – у народа забіраць, каб у гэтыя гульні гуляць?! І скажуць: “Аляксандр Рыгоравіч, родненькі! Давайце мы памяркоўна паступім і аднясем гэта на нейкі час”. Насамрэч, каб я быў на месцы Лукашэнкі, то мне б такія думкі ў галаву б прыйшлі. То чаму яму – не?”

У той жа час ён абверг інфармацыю пра тое, што ён нібыта пагадзіўся ўзяць удзел у будучых выбарах у якасці прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта. Такая інфармацыя, нагадаем, з'явілася на сайце "Маладога Фронту".
 
Някляеў: “Хлопцы з “Маладога фронту” перакруцілі ўсё. Яны ў мяне пыталіся: “Чаму вы ідзеце ў прэзідэнты?” І я ім сказаў, што я нікуды не іду. “А што тады рабіць?” - яны пытаюцца. Я адказаў, што вы можаце ў мяне спытаць: “Што трэба рабіць, калі раптам я пайду ў прэзідэнты?” А яны ўжо іншае паставілі на сайце. Гэта інфармацыя недакладная”.

У той жа час адказваючы на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё, Някляеў дадаў, што пакуль не вырашыў, ці ісці на выбары. У той жа час ён не выключае, што калі дата выбараў будзе прызначаная і кіраўніцтва кампаніі разам з яе актывістамі вырашаць, што ўдзел у выбарах трэба браць, то ён выканае іх рашэнне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі