Падатковая знайшла ў Беларусі каля 10 тысяч "дармаедаў"
Падатковыя інспекцыі разаслалі паведамленні прыкладна 10 тысячам беларусаў, якіх падазраюць у дармаедстве, піша tut.by. Атрымальнікам лістоў ад падатковай трэба будзе даказаць, што яны працавалі ў 2015 годзе больш за 183 дні. Калі яны не могуць даказаць, то да 15 лістапада 2016 года яны павінны выплаціць дзяржаўны збор.
Каля 4000 чалавек загадзя прызналіся ў тым, што не працуюць, — за гэта ім належыць 10-адсоткавая зніжка пры аплаце збору.
Калі дакумент па "дармаедах" яшчэ толькі распрацоўваўся, чыноўнікі казалі, што непрацуючых беларусаў , якія не плацяць падаткі, больш за 400 тысяч. Атрымоўваецца, што замест 400 тысяч налічылі толькі 14 тысяч, або 3,5%.
У Міністэрстве па падатках і зборах кажуць, што праца не спыняецца і колькасць плацельшчыкаў збору можа змяніцца. Падаткавікі працягваюць ствараць базу тых, хто павінен заплаціц збор за 2015 год. Складанасці ў стварэнні базы яны тлумачаць тым, што многія грамадзяне Беларусі працуюць за межамі краіны і плацяць падаткі там.
Той, хто атрымаў паведамленне на выплату збору, мае права падаць у падатковую інспекцыю дакументы і (або) тлумачэнні, якія сведчаць, што ён не павінен плаціць "падатак на дармаедства". Прычым падаць інфармацыю можна як пры асабістым візіце ў падатковую, так і праз электронны зварот.
Дарэчы, ужо больш за 11 тысяч беларусаў паведамілі падаткавікам аб праве на вызваленне ад выплаты збору.