Паліва на запраўках у суседзяў таннее, у Беларусі — не. Чаму?
Запраўка ў Польшчы / polsha24.com
Польшча, Літва, Латвія і Украіна — амаль ва ўсіх суседніх з Беларуссю краінах у другой палове сакавіка на запраўках патаннелі бензін і дызель. Яно і зразумела: месяц таму, 9 сакавіка, сусветныя цэны на нафту абваліліся на 30%. Незразумела толькі, чаму гэта ніяк не адбілася на цэнах на паліва ў Беларусі і ў Расіі.
У Беларусі да 29 лютага ўключна бензін і дызель кожны тыдзень даражэлі на 1 капейку. Разам — 9 падаражэнняў з пачатку года. Ужо пяты тыдзень запар цэны на паліва не павышаюцца. Але яно і не таннее, як у суседзяў. Чаму? З гэтым пытаннем Еўрарадыё звярнулася да прэс-сакратара "Белнафтахіма" Аляксандра Цішчанкі.
"Перавядзіце гэта ўсё ў долары", — лаканічна адказвае нам прадстаўнік канцэрна, намякаючы, што цана на паліва знізілася за кошт падзення курса беларускага рубля. За сакавік ён аслабеў да долара з 2,24 рубля да 2,6 рубля.
Аднак польскі злоты ў сакавіку таксама патаннеў у адносінах да долара: з 3,79 да 4,20 злотага за долар. Пры гэтым у Польшчы цэны на паліва змянілася і ў злотых: яно патаннела ў сярэднім на 20%.
Калі ўмоўны жыхар Польшчы, які зарабляе 5000 злотых, у лютым патраціў на бензін 1000 злотых, то ў сакавіку за тую ж колькасць паліва ён аддаў 800 злотых. Умоўны жыхар Беларусі, які зарабляе 1000 рублёў, як аддаваў 200 рублёў на паліва месяц таму, так і аддае цяпер. Адчуваеце розніцу?
"У розных краінах рознае падаткаабкладанне, розныя сістэмы. Таму калі ў адным з фактараў вы бачыце зніжэнне цэн, то там альбо ёсць падатковыя магчымасці, альбо цэны былі завышаныя. У нас на ўзроўні ўрада робяцца захады для таго, каб цэны не раслі: прымаюцца стрымлівальныя рашэнні, каб цэны не былі непад'ёмныя. А "Белнафтахім" вызначае верхнюю планку [кошту паліва], цэнавы парог якой не пераходзіць", — тлумачыць Аляксандр Цішчанка.
Адзіная з суседніх краін — дзе цэны на паліва на запраўках у нацыянальнай валюце не патаннелі, — Расія.
Чаму? Расійскі эканаміст, аналітык нафтагазавага сектара, партнёр Rusenergy Міхаіл Круціхін тлумачыць гэта тым, што ў Расіі, як і ў Беларусі, цэнаўтварэнне на запраўках рэгулюецца дзяржавай.
"Цана бензіну ў нас фармуецца не з цаны нафты (там малая доля — 6,5 або 7%). Галоўным чынам — гэта падаткі. Два разы на год у нас павышаецца акцызны падатак, а гэта значыць, што нафтаперапрацоўчыя заводы церпяць страты. Калі нафта была дарагая, ім даводзілася прадаваць паліва параўнальна танна. Таму ўрад выдзеліў ім з бюджэту так званы дэмфіравальны падатак, гэта значыць прыплачваў за тое, каб яны зусім у страце не былі. А тут цана на нафту ўзяла і паменшылася. І быццам бы павінна зменшыцца цана на бензін, але нафтаперапрацоўчыя заводы павінны вяртаць грошы ў бюджэт. Таму цана на бензакалонках застаецца ранейшай, а часам нават падрастае".
У канцы лютага канцэрн "Белнафтахім" паведамляў, што праз падзенне цэн на нафту на сусветным рынку кошт бензіну ў Беларусі можа знізіцца. Аднак гэтага не адбылося. Ці ёсць надзея?
"Я не магу прагназаваць. Гэта эканоміка, яна не бярэцца з галавы", — расстройвае беларускіх аўтаўладальнікаў прадстаўнік "Белнафтахіма" Аляксандр Цішчанка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.