Памер мінімальнага заробку вырас на 30 капеек
Памер мінімальнай заработнай платы ў Беларусі павялічаны да 239,48 рубля. Пра гэта інфармуе БелаПАН са спасылкай на Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
У чэрвені памер месячнай "мінімалкі" быў праіндэксаваны на 5,4% і склаў 239,18 рубля з улікам дэнамінацыі.
Рост "мінімалкі" за ліпень у параўнанні з чэрвенем у міністэрстве патлумачылі "павелічэннем нарматыву індэксацыі". У адпаведнасці з указам №55 "Аб нарматыве індэксацыі грашовых даходаў насельніцтва з улікам інфляцыі" індэксуецца даход у межах нарматыву індэксацыі — 100% бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, які дзейнічае на момант індэксацыі. Ад 1 жніўня 2016 года ён складае 175 рублёў 50 капеек.
Са студзеня па травень 2016 года мінімальны заробак складаў 2 млн 300 тыс. рублёў (або 230 рублёў на "новыя" грошы).