Паўла Вінаградава зноў выклікаюць у міліцыю
Паўла Вінаградава зноў выклікаюць у міліцыю. 4 лютага стане вядомы вынік эксперыменту, які паставіў актывіст.
Як паведамляла Еўрарадыё, у нядзелю 31 студзеня Павел Вінаградаў з грамадскім аб'яднаннем Zмена ўзяў удзел у флэшмобе каля падатковай інспекцыі па Мінску. Удзельнікі акцыі прынеслі да падатковай труну з надпісам "У труне мы бачылі вашыя падаткі".
"Мне хацелася праверыць, што будзе з актывістамі, якія ўдзельнічаюць у якіх-кольвек вулічных акцыях. То бок, пакуль я вымушана не з'ехаў у Беразіно, вынікам кожнага, нават нязначнага пратэсту на вуліцы былі "суткі". Цяпер мы чакаем, што з краіны здымуць санкцыі. Чакаем крэдыту ад МВФ. Таму я вырашыў паглядзець, што будзе мне, чалавеку, які 19 разоў адбываў адміністратыўны арышт, за падобныя рэчы", — тлумачыць ідэю Вінаградаў.
4 лютага, па словах актывіста, у міліцыі з ім пагавораць, складуць пратакол, і, верагодна, адправяць у суд. Хоць на ўсялякі выпадак неабходныя рэчы ўсё ж Павел з сабой збірае.
"Падазраю, што калі па мяне не прыехалі, то гэта будзе штраф. Высновы, што цяпер бывае актывісту за вулічны пратэст, зраблю пасля суда", — рэзюмуе актывіст.