Павышэння заробку выхавальніцы дзіцячага саду хопіць на праязны
Еўрарадыё падлічвае, на колькі падаражэла жыццё выхавальніцы дзіцячага садка з ўлікам павышэння заробку і коштаў.
1 красавіка для 24-гадовай выхавальніцы сталічнага садка Яны былі дзве навіны — прыемная і непрыемная: падняліся заробкі, а разам з заробкамі — кошты на праезд, цыгарэты ды штрафы.
Лічым, наколькі падаражэла ці, можа, патаннела жыццё. Учора дзяўчына атрымала на рукі цэтлік з заробкам за сакавік — 4 мільёны 56 тысяч рублёў:
“…Гэта з ўлікам таго, што я працавала па некалькі дзён па дзве змены, замяняла няньку. Сёння збіраюся разбірацца з загадчыцай, бо звыш нормы патрэбна налічваць па двайным тарыфе, а атрымліваецца, што мы норму працавалі”, — кажа дзяўчына.
Яна купляе праязны на адзін від транспарта, хоць патрэбна два — тралейбус ды метро. Гэта мінус 166 тысяч рублёў заробку. Раней можна было набыць такі праязны на 31 тысячу танней.
“Вырашыла, што будзе праязны на метро, а ў тралейбусах — “зайцам”. Набыла некалькі квіткоў і езджу “зайцам”, — прызнаецца дзяўчына.
Калі схопяць кантралёры, яе кашалёк апусцее на 75 тысяч рублёў. Штраф за безбілетны праезд павысіўся на 15%, бо вырасла базавая велічыня. Выхавальніца пакуль не трапляла на кантралёраў. Гэта добра.
Падаражэнне квіткоў на чыгунцы на 30% Яну не моцна турбуе — да роднага Слуцка ходзіць маршрутка, якая пакуль што каштуе 55 тысяч рублёў у адзін бок. Дадому дзяўчына ездзіць зрэдку.
Яшчэ каля 170 долараў сыходзіць у Яны на аплату здымнага жылля, а таксама камунальныя плацяжы — дзяўчына здымае кватэру разам з братам. Болей за ўсё Яну палохаюць рост коштаў на праезд ды камунальныя паслугі. А вось падаражэнне цыгарэт — з 1 красавіка кошты выраслі на 11% — дзяўчыну не турбуе.
“У мяне пачка сыходзіць за дні чатыры. Набываю цыгарэты за 16500 рублёў, надоўга хапае. Спрабавала кінуць курыць, але не таму, што расце кошт, а проста, бо трэба”, — кажа дзяўчына. На месяц на паліва дзяўчына выдаткоўвае меней за 130 тысяч рублёў. Як на праязны!
Штодзённыя выдаткі ў краму — каля 80 тысяч рублёў. Звычайныя прадукты: маянэз, пекінская капуста, пяльмені — з чым не трэба замарочвацца. Ёсць ў графе выдаткаў на ежу бонусы:
“Іншым часам гатуе брат — ён у мяне вельмі класна гатуе — я ўвогуле тады нічога не выдаткоўваю. На працы недарагая кулінарыя — там дранікі, перакусы ўсялякія”, — дзяўчына заўважае, што гэта, у прынцыпе, і ўсе яе выдаткі. На вопратку толькі ўсё роўна не хапае. Дапамагаюць бацькі. Пытаюся ў Яны, калі яна купляла сабе нешта буйное, дзяўчына смяецца.
“Без падтрымкі бацькоў было б немагчыма — вопратку, боты нейкія — гэта ўсё праз бацькоў. Тэлефон падарылі. Але зараз буду ставіць ўльтыматум: ці я працую неяк па графіку ў садку, ці не. Бо хачу знайсці падпрацоўку — інакш ніяк, а на шыі сядзець бацькоў не вельмі”.
Навіна пра павышэнне стаўкі першага разраду ад 1 красавіка на 2 тысячы рублёў (на 0,77%), а таксама 10% павышэнне акладу выхавальніцу нават абурае. Пры яе падліках, аклад выхавальніка без кваліфікацыі разам з тымі 10% і стаўкай першага разраду павысіцца на 150 тысяч рублёў! Лічы — на праязны!
Нават не паспяваю закончыць пытанне, ці абрадуе Яну падвышэнне, дзяўчына нервуецца:
“Вось абмяркоўваюць паўсюль, што калі бацькі будуць 100% аплачваць харчаванне дзіцяці, выхавальнікі пабагацеюць. Лухта! Тое, як на нас ездзяць, і тое, як мы зарабляем, — не суадносна. Мы не валанцёры!”