Платныя медыцынскія паслугі не адменяць

У Міністэрстве аховы здароўя сцвярджаюць, што аказанне платных сэрвісных паслуг у медыцынскіх установах Беларусі ўжо прыпынена, і прычым даўно. А ў паліклініках працягваюць працаваць па-ранейшаму. Па краіне нават папаўзлі чуткі, што спыніцца аказанне ўсіх платных паслуг.
Нагодай для такіх чутак стала пракурорская праверка ўстановаў аховы здароўя. Падчас гэтай праверкі былі выяўлены парушэнні санітарных нормаў і правілаў размяшчэння хворых у стацыянарных лячэбных установах.

Дык ці будуць у нас аказваць платныя медыцынскія паслугі? Адказвае начальнік аддзела прадпрымальніцкай дзейнасці Міністэрства аховы здароўя Пётр Ціханчук:

“Будуць. Ёсць пастанова Саўміна. Былі, ёсць і будуць. Ніхто не адмяняў. Па сэрвісных паслугах былі недакладнасці. Можа, былі парушэнні ў наяўнасці лядоўні, тэлевізара, мікрахвалёвак, магчыма… Можа, яшчэ штосьці.

Але гэтае пытанне яшчэ не вырашанае. Прыпынілі, правядзем паседжанне. Людзям раскажам, як, што, чаму. Выступім, яны выступяць. І будзе ўсё аказвацца”.

Акрамя таго, наяўнасць платных паслуг дазволіла медыцынскім установам самавольна павялічыць колькасць тых самых паслуг. Гаворыць прэс-сакратар рэспубліканскай пракуратуры Аляксей Таранаў:

“Падчас праверкі былі выяўленыя парушэнні парадку аказання платных медыцынскіх паслуг. Беспадстаўна бралася плата за пражыванне ў больніцах, за харчаванне. Таму па выніках пракурорскай праверкі было ўнесена прадстаўленне на імя міністра аховы здароўя”.

У міністэрстве Еўрарадыё запэўнілі, што ўсе парушэнні ўжо ліквідаваныя. І ў хуткім часе сэрвісныя паслугі будуць адноўленыя. Еўрапейскае радыё дазванілася да шэрагу сталічных паліклінік, каб даведацца аб сітуацыі на месцах. Як выявілася, медыцынскія ўстановы працягваюць працаваць па-ранейшаму.

Галоўны бухгалтар паліклінікі Ленінскага раёна гораду Мінску Людміла Сокал даведалася пра адмену сэрвісных платных паслуг ад Еўрарадыё:

“Вось уявіце сабе, ад вас першы раз чую. Значыць, павінен быў выйсці нейкі загад, ці давесці да нашага ведама, пазнаёміць з чымсьці. Таму што чуць – гэта адно. А каб спыніць аказанне платных паслуг, патрэбна хаця б вуснае афіцыйнае ўказанне”.

У 2005 годзе ўжо была спроба “звярнуць” праграму платных паслуг у дзяржаўных медыцынскіх установах. Тады шмат якія віды платных паслуг “пераехалі” ў “прыватныя” лякарні. Планавалася стварыць шматпрофільную гасразліковую паліклініку.

Аднак пакуль яна застаецца толькі ў планах. У дзяржаўных паліклініках працягваюць аказваць шырокае кола платных паслуг. Працягвае Людміла Сокал:

“У нас вельмі шмат іх – цэлы прэйскурант: прыём вузкіх спецыялістаў, УЗІ, гінекалогія… Карацей, усё, што толькі можна”.

Відаць, ахова здароўя – тая галіна, дзе платныя паслугі заўсёды будуць карыстацца попытам: куды іх ні перанось, і што галоўнае – законныя яны, ці не.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі