Польшча не будзе раскрываць, каго фінансуе ў Беларусі
Польскае Міністэрства замежных спраў рыхтуе закон пра “дыпламатычную таямніцу”.
Ён будзе перашкаджаць беларускім спецслужбам адсочваць інфармацыю пра польскую фінансавую дапамогу грамадзянскай супольнасці.
Як паведамляюць польскія СМІ, падрыхтоўка закона выклікана скандаламі з раскрыццём польскіх банкаўскіх рахункаў Алеся Бяляцкага і “уцечкай” інфармацыі пра дапамогу беларускай апазіцыі на адзін з амерыканскіх інтэрнэт-парталаў.
Кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі ў лістападзе 2011 года асуджаны на 4,5 года турмы. Яго прызналі вінаватым у нявыплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў.Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Мінску Літва і Польшча.
А пры канцы 2012 года на адным з амерыканскіх інтэрнэт-парталаў была змешчаная база дадзеных польскага МЗС пра тое, якую дапамогу і на якія мэты Польшча аказвала беларускай апазіцыі.
На фота: міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.