Польскі бізнэсмэн набывае яшчэ адзін банк у Беларусі
Фінансавы холдынг Getin Holding заключыў папярэднюю ўмову пра набыццё 287 689 акцый (95,5% статутнага капіталу) “Беларускага банка малога бізнэсу”.
Сума ўгоды складае 4867697 еўра, паведамляюць польскія СМІ. Холдынг заявіў, што мэтай набыцця беларускага банка з’яўляецца павелічэнне сваёй прысутнасці на беларускім рынку крэдытаў для малых і сярэдніх прадпрыемстваў.
Аднак згоду на набыццё акцый банку павінен яшчэ даць Нацыянальны банк Беларусі.
Уладальнікам Getin Holding з’яўляецца польскі бізнэсмэн Лешэк Чарнецкі, які раней ужо набыў у Беларусі “Ідэабанк” (былы Сомбелбанк). Паводле часопіса Wprost, ён з’яўляецца уладальнікам капітала ў 4,3 мільярда злотых (каля 1 мільярда еўра).