Польскі еўрадэпутат будзе судзіцца з міністрам з-за Беларусі
Еўрадэпутат Марэк Мігальскі падасць на міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага ў суд.
Такое рашэнне стала вынікам спрэчкі палітыкаў у твітары некалькі дзён таму. Тады еўрадэпутат заявіў, што дзеянні польскага МЗС прывялі да рэпрэсіяў супраць беларускіх апазіцыянераў.
Мігальскі узгадаў інцыдэнт з 2011 года. Тады Міністэрства замежных справаў Польшчы паслала ў Беларусь лісты з інфармацыяй пра грошы, выплачаныя прыкладна 30 беларускім апазіцыянерам.
Сікорскі адказаў, што Мігальскі хлусіць і што з-за гэтых дакументаў ніхто з беларускіх апазіцыянераў не пацярпеў.
У сваю чаргу, Мігальскі запатрабаваў ад Сікорскага апублікаваць выбачэнне ў твітары за абвінавачанне ў хлусні. Еўрадэпутат даў міністру час да 14 жніўня, іначай пагражаў падаць на яго ў суд за паклёп.
15 жніўня Мігальскі на сваёй старонцы ў фэйсбуку напісаў, што паколькі Сікорскі так і не выбачыўся, то будзе судовы працэс.