Працэс "БАЖ супраць Мінюсту" працягнецца 18 сакавіка

Пасля абеду 17 сакавіка суд заслухаў старшыню БАЖ Жанну Літвіну, прадстаўніка БХК Гары Паганяйлу і прадстаўніка Мінюсту Аляксандра Харытона. Чыноўнік значную частку свайго выступу прысвяціў аналізу справаздачных дакументаў VII з’езда ГА "БАЖ", які прайшоў у траўні 2009 года, і матэрыялаў, змешчаных на сайце арганізацыі. Значная частка яго амаль трохгадзіннага выступу была прысвечана таксама інцыдэнту з сябрам БАЖ Аляксандрам Дзянісавым. Менавіта выпадак з яго затрыманнем у лістападзе 2009 года на шклозаводзе "Нёман" пры "ажыццяўленні відэарэпартажу" даў падставу для аднаго з пунктаў папярэджання. Паказанае журналістам пасведчанне сябра БАЖ прывяло Міністэрства юстыцыі да высновы пра "неабгрунтаванае прысваенне членамі дадзенай арганізацыі паўнамоцтваў журналіста сродку масавай інфармацыі…"

Выступленне сп. Дзянісава, якога выклікалі сведкам па справе, перанеслі на 18 сакавіка. Таму слуханні расцягнуцца як мінімум яшчэ на дзень, адзначае прэс-служба БАЖ.

Нагадаем, загад намесніка міністра юстыцыі аб вынясенні ГА "БАЖ" пісьмовага папярэджання з’явіўся 13 студзеня. Міністэрства выставіла адразу некалькі прэтэнзій да ГА "БАЖ" — датычна формы сяброўскага пасведчання, статусу Цэнтра прававой абароны СМІ пры ГА "БАЖ", а таксама некаторай інфармацыі, пададзенай на сайце арганізацыі.

Глядзі таксама:
У Вярхоўным судзе БАЖ судзіцца з Міністэрствам юстыцыі
Прадстаўнік БАЖу ў судзе адпрэчыў прэтэнзіі Мін'юсту
Рашэнне суда па сваёй справе БАЖ не зможа абскардзіць

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі