Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра ператрус у офісе "Белагра"
"Белагра" займаецца пастаўкай сельскагаспадарчай тэхнікі і запчастак / sb.by
Сілавікі праводзяць ператрус у офісе "Белагра" ў Мінску, пра гэта паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы. Ператрус праводзяць аператыўнікі ГУБАЗ пры сілавой падтрымцы САХРа і АМАПа.
Адзначым, што ў "Белагра" прэс-сакратаром працаваў Дзмітрый Семчанка — журналіст і былы кіраўнік "прэзідэнцкага пула". Ён звольніўся ў 2020 годзе. А ў сярэдзіне верасня ён быў зноў затрыманы разам з жонкай. Юлію Семчанка аштрафавалі на 960 рублёў за рэпосты "экстрэмісцкіх" каналаў, а Дзмітрыя асудзілі на 15 сутак.
"Зеркало" пагутарыла з супрацоўнікамі "Белагра". Адзін з іх расказаў, што сілавікі прыйшлі каля 9-й раніцы. Кіраўніцтва затрымалі адразу ж, у астатніх супрацоўнікаў пачалі правяраць тэлефоны. Падпісаных на "экстрэмісцкія" Telegram-каналы затрымлівалі. Суразмоўцы медыя выказалі здагадку, што прычынай увагі сілавікоў магла быць пазіцыя кіраўніцтва і супрацоўнікаў у 2020 годзе — яны тады падтрымалі пратэст. Фармальная прычына, пра якую сказалі работнікам кампаніі, — "нявыплата падаткаў".
Група кампаній "Белагра" займаецца пастаўкай сельскагаспадарчай тэхнікі і запчастак. Прадпрыемства мае 47 філіялаў з гандлёвымі пунктамі ў Беларусі, Расіі, Казахстане і Украіне і пастаўляе прадукцыю ў 55 краін свету.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.