Прэзідэнту актыўна пагражаюць, але ён глядзіць на гэта спакойна
Аляксандр Лукашэнка спакойна рэагуе на паведамленні пра падрыхтоўку замахаў на яго жыццё.
Так ён адказаў сёння на пытанне журналіста падчас наведвання мястэчка Мір, перадае БЕЛТА.
Кіраўніку дзяржавы нагадалі, у прыватнасці, пра размешчаны ў інтэрнэце відэазапіс нейкага супрацоўніка спецслужбаў Расіі, які казаў пра магчымае фізічнае знішчэнне Прэзідэнта Беларусі. На гэта ён заўважыў, што ў сучасным свеце пагрозы рэальныя не толькі адносна прэзідэнта. Апошнія дзесяць гадоў, паводле словаў Лукашэнкі, яму актыўна пагражаюць, "кажуць пра нейкія кулі, снарады і гэтак далей". Але Прэзідэнт глядзіць на гэта "цалкам спакойна".
У сувязі з гэтым беларускі лідар узгадаў і пра страляніну па ягоным аўтамабілі напярэдадні выбараў 1994 года. "Хутчэй за ўсё, прыпужаць хацелі. Калі б хацелі забіць, дык забілі б", — сказаў Прэзідэнт.