Продаж імпартнага піва абмяжоўваюць, “каб турысты знаёміліся з беларускім”

Інтэрнэт скалыхнула чарговая інавацыя, звязаная з чэмпіянатам свету па хакеі. Барысаўскі райвыканкам паведаміў сваім аб’ектам гандлю, што з 8 па 25 траўня ўводзіцца забарона на рэалізацыю імпартнага піва. Спаслаліся на загад з Мінаблвыканкама.

“У вашай краме на час чэмпіянату таксама не будзе прадавацца замежнае піва?” ― цікавімся ў сталічнай краме №7 ва Уруччы.

Крама №7: “Так. З учорашняга дня. Раней быў вельмі разнастайны асартымент, але і запасаў піва беларускага ў нас шмат”.

Цікавімся ва Упраўленні гандлю і паслуг Мінгарвыканкама, з чым звязаная забарона на замежнае піва. Ніна Емяльянава, кіраўнік гэтага падраздзялення, тлумачыць, што гутарка вядзецца пра “пераважную рэалізацыю айчынных тавараў”.

“Іншаземцы, якія кудысьці прыязджаюць, хочуць паспрабаваць і мясцовыя стравы, і мясцовыя напоі. Іх цікавяць менавіта тавары той краіны, якія вырабляюцца там, куды яны прыехалі, ― тлумачыць Ніна Аляксееўна. ― Таму нашы крамы павінны ім прапанаваць увесь асартымент менавіта нашых тавараў. Гэта для азнаямлення з нашай беларускай прадукцыяй”.

У краме “Барвінак” (знаходзіцца на Першай ленінскай вуліцы ў горадзе Дзяржынску) Еўрарадыё паведамілі, што распараджэння здымаць з паліц замежнае піва пакуль не атрымлівалі.

У гандлёвым аддзеле “Мінскага раённага спажывецкага таварыства” Еўрарадыё патлумачылі, што патрэба ў літаральным сэнсе накладаць табу на замежнае піва ёсць не паўсюль.

Мінскае РАЙСТ: “Наш спажывец, які ходзіць у крамы мінскага раёна, і так купляе пераважна беларускае. Імпартнае піва калі і ёсць у нейкіх крамах, то адзін-два гатункі. І тое не паўсюль. Таму забарона прадаваць імпартнае піва тычыцца не зусім нас”.

Фота beernexus.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі