П’яны брэстаўчанін вучыў сваю дачку кіраванню машынай — і трапіў у ДТЗ

П’яны брэстаўчанін вучыў сваю дачку кіраванню машынай — і трапіў у ДТЗ

П’яны брэстаўчанін вучыў дачку кіраванню машынай, а тая трапіла ў ДТЗ. Як перадае прэс-служба Брэсцкай абласной ДАІ, здарэнне адбылося ўвечары 2 лютага на праспекце Машэрава. 19-гадовая дзяўчына-бяспраўніца, якая была за рулём “Мазды”, сутыкнулася з “Сітраенам”, што ішоў у спадарожным кірунку.

Падчас афармлення ДТЗ бацька дзяўчыны, 43-гадовы брэстаўчанін, патлумачыў інспектарам, што сеў на месца пасажыра і перадаў кіраванне дачцэ, бо сам крыху выпіў. Дачка ж навучаецца ў аўташколе, таму ён вырашыў, што ёй варта атрымаць практыку кіравання.

Падчас разбіральніцтва мужчына паразмаўляў са знаёмым праз мабільны тэлефон і вырашыў уцякаць. Ён выскачыў са службовай машыны ДАІ і рынуўся ў кірунку вуліцы Савецкай. Амаль адразу яго затрымалі, але парушальнік чыніў супраціў, таму супраць яго ўжылі спецсродкі.

Медагляд паказаў, што мужчына сапраўды быў нецвярозы — 0,8 праміле ў паветры на выдыху. На дачку і бацьку склалі пратаколы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі