Рабочыя бабруйскага завода паскардзіліся Лукашэнку на начальства
У сваім звароце яны таксама расказалі пра гаротны стан прадпрыемства.
Ідэя звярнуцца да кіраўніка краіны прыйшла ў галаву сябрам Свабоднага прафсаюзу беларускага. Пад зваротам падпісаліся звольненыя цягам апошніх двух гадоў сябры прафсаюзу, і тыя рабочыя, якіх збіраюцца звольніць сёлета 30 кастрычніка.
У звароце рабочыя апісваюць сітуацыю, што склалася вакол прафсаюзу ды распавядаюць пра эканамічны стан заводу. Яны адзначылі, што цяпер “на тэрыторыі заводу знаходзяцца больш за 700 непраданых трактароў, якія ў прамым сэнсе гніюць праз іх нізкую якасць, і частка якіх ужо раскамплектаваная”. Сярод іншых прыкладаў нядбайнасці кіраўніцтва – выпадак з “няякаснымі трактарнымі комплексамі, што былі прададзеныя ў Сербію. Туды затым камандзіравалі працаўнікоў заводу для выпраўлення браку, на што пайшла не адна тысяча долараў".
“Аляксандр Рыгоравіч! Мы звяртаемся да Вас, як да гаранта Канстытуцыі, дапамажыце нам аднавіць нашае права на працу, пра якое вы ў свой час казалі як пра фундаментальнае права беларусаў”, - цытуе ліст да Лукашэнкі сайт “Белсата”.
Кіраўніцтва завода тлумачыць звальненні неабходнасцю “аптымізацыі працоўных месцаў”.