Работніца банка ў Слоніме падманула знаёмых на 540 тысяч рублёў

Работніца банка ў Слоніме падманула знаёмых на 540 тысяч рублёў

Упраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы па махлярстве ў асабліва буйным памеры і крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў буйным памеры. Абвінавачанай па справе праходзіць супрацоўніца аднаго з банкаў Слоніма Алена Замарухава

Паволде звестак следства, з сакавіка 2014-га па кастрычнік 2018 года жанчына падманным шляхам завалодала грашыма сваіх знаёмых са Слоніма. Яна брала грошы пад нагодай пазыкі і выплаты адсоткаў за карыстанне імі. Карысталася жанчына і іншымі падставамі, прычым заведама не планавала аддаваць пазычаныя грошы.

У снежні 2015 года яна пазычыла ў сваёй знаёмай 16 тысяч долараў — нібаты, каб выкупіць кветкавы бізнэс. Потым работніца банка двойчы пераносіла тэрмін вяртання пазыкі. Урэшце яна аддала знаёмай бытавую тэхніку на суму 5800 долараў, а астатнюю валюту патраціла сама.

У ліпені 2017-га яна ж пераканала іншую знаёмую узяць крэдыт на спажывецкія патрэбы на суму больш за 15 тысяч рублёў. Замарухава атрымала ад яе гэтыя грошы і паабяцала вярнуць іх з адсоткамі. Потым яна часткова пагасіла крэдыт, але не вярнула пацярпелай больш за 13 тысяч рублёў.

Агулам супрацоўніца банка ўзяла грошы ў 22 чалавек са Слоніма, Мінска, Гродна і Магілёўскай вобласці. Матэрыяльная шкода ацэньваецца ў суму звыш 540 тысяч рублёў.

Падчас расследавання выявілася, што ў красавіку 2017 года абвінавачаная скрала грошы банка — амаль 6700 рублёў. Гэтую суму заплаціла паводле крэдытнай дамовы іншая жанчына. 

Цяпер супрацоўніцу банка ўзялі пад варту. На яе маёмасць, у тым ліку на аб'екты нерухомасці накладзены арышт.

Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі