Радыёдэбаты кандыдатаў на прэзідэнта прайшлі без сюрпрызаў

Сёння ад 17.00 да 18.00 у жывым эфіры дзяржаўнага беларускага радыё прыйшлі дэбаты кандыдатаў на прэзідэнта. Ніхто з удзельнікаў гэтым разам не пакінуў дэманстратыўна студыю. Толькі тры кандыдаты прыйшлі на радыё — Алесь Міхалевіч, Рыгор Кастусёў і Віктар Цярэшчанка.

Яшчэ чатыры кандыдаты накіравалі на радыё сваіх давераных асобаў. Уладзіміра Някляева прадстаўляў Аляксандр Фядута, Мікалая СтаткевічаСяргей Марцалеў. За Віталя Рымашэўскага выступаў Анатоль Міхнавец, а за Яраслава Раманчука Анатоль Лябедзька. Яшчэ тры кандыдаты ніякім чынам не ўдзельнічалі ў радыёдэбатах — гэта Аляксандр Лукашэнка, Дзмітры Ус і Андрэй Саннікаў.

Вядоўца дэбатаў паводзіўся вельмі стрымана, не задаваў вострых правакацыйных пытанняў і перапыняў прамоўцаў толькі тады, калі заканчваўся іх час. Увогуле дэбаты праходзілі даволі спакойна, за выняткаў некаторых выпадаў Сяргея Марцалева, прадстаўніка Мікалая Статкевіча. Напрыклад, ён абвінаваціў беларускае радыё і тэлебачанне ў тым, што яны спачатку стваралі негатыўны вобраз Еўропы ў сваіх перадачах, а цяпер робяць ворага з Расіі. Праўда, спрэчкі на гэты конт не атрымалася.

Палітыкі зноў выступалі адзіным фронтам. Яны пераказвалі свае выбарчыя праграмы, крытыкавалі Аляксандра Лукашэнку і казалі пра неабходнасць пераменаў у Беларусі. Прадстаўнікі Віталя Рымашэўскага, Ўладзіміра Някляева і Яраслава Раманчука заклікалі выбаршчыкаў прыйсці 19 снежня на Кастрычніцкую плошчу. Апроч таго, большасць прамоўцаў заклікала выбаршчыкаў не галасаваць датэрмінова.

Завяршыліся дэбаты супольным поклічам “Жыве Беларусь!”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі