Раманчук выканаў “загад” партыі жаніцца і прадставіў сваю абранніцу (фота)

Дзяўчыну завуць Алеся і яна таксама эканаміст.
Яраслаў Раманчук, якога Аб’яднаная грамадзянская партыя выбрала сваім кандыдатам у прэзідэнты, вырашыў жаніцца. Нагадаем, стаць жанатым яму параілі сябры партыі: маўляў, сямейны чалавек больш прывабны для выбаршчыкаў.

Як даведалася Еўрарадыё, Яраславу Раманчуку не давядзецца шукаць спадарожніцу адмыслова “пад выбары”: нявеста ў яго ўжо ёсць. І пасля пэўных ваганняў ён вырашыў прадставіць сваю абранніцу, якую завуць Алеся.

Яраслаў Раманчук: “Гэта чалавек, які займаецца эканамічным аналізам, бухгалтэрыяй, магістрантка. Чалавек, які вельмі любіць працу, любіць свабоду. І кахае мяне! Мы з’яўляемся паплечнікамі — і гэта вельмі прыемна. Гэта падстава для добрага і гарманічнага партнёрства ў жыцці”.



Высветлілася, што ажаніцца Яраслаў з Алесяй планавалі пэўны час таму, але зашкодзілі сумныя абставіны — у студзені памёр бацька Раманчука, і вяселле вырашылі адкласці. Гэтая сумная падзея, кажа Яраслаў, не дазваляе вырашыць пытанне з шлюбам ужо сёння.

Але ў тым, што Алеся будзе паўсюль суправаджаць яго падчас выбарчай кампаніі, Раманчук не ўпэўнены.

Яраслаў Раманчук: “Яна ж працуе! Калі будзе ў гэтым велізарная патрэба, то гэта адно, але тут жа трэба, каб яе з працы яшчэ адпусцілі. Гэта ж не праца — быць побач з палітыкам. Таму, трэба, каб яна працавала і станавілася на ногі — гэта для яе асноўнае”.

Паводле словаў лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, абранніца Яраслава не з’яўляецца сябрам партыі. Але ён выказаў упэўненасць, што гэтая “хіба” з часам выправіцца сама па сабе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі