Расія спадзяецца ў разы знізіць "шэрыя пастаўкі" з Беларусі
Пра гэта заявіў міністр эканамічнага развіцця РФ Аляксей Улюкаеў.
Расія не зможа зусім перакрыць пастаўкі забароненых тавараў з Еўропы праз Беларусь. Але яна спадзяецца ў разы зменшыць гэтыя пастаўкі, кажа міністр эканамічнага развіцця РФ Аляксей Улюкаеў.
"Думаю, што зусім закрыць цяжка, а вось моцна паменшыць магчыма. Мы спадзяемся, што аб'ём шэрага імпарту — нелегальнага, незаконнага будзе скарачацца ў разы", — перадае ТАСС словы расійскага чыноўніка.
Улюкаеў дадаў, што скарачэнне паставак забароненых тавараў праз Беларусь у Расію залежыць ад скаардынаваных дзеянняў мытнікаў абедзвюх дзяржаваў. Апошнім часам, кажа ён, гэтае супрацоўніцтва значна актывізавалася.
Дарэчы, расійскі міністр дадаў, што ў фізічных аб'ёмах гандаль паміж краінамі амаль не змяніўся. Разам з тым ён адзначыў рост расійскіх паставак у беларускім імпарце і рост беларускіх паставак у расійскім імпарце.
Фота: navalny.com