Расійскія фанаты хочуць 9 траўня зладзіць шэсце па Мінску
Заўзятары зборнай Расіі ў дзень адкрыцця чэмпіянату свету па хакеі адзначаць Дзень Перамогі праходам арганізаванай калонай па вуліцах Мінска.
Пра гэта паведамляе baltinfo.ru са спасылкай на прэзідэнта Клуба заўзятараў Russia Unites Эдуарда Латыпава.
78-ы чэмпіянат свету па хакеі стартуе ў Мінску 9 траўня, і расійскія фанаты хочуць адзначыць гістарычную дату. Плануецца, што ў гэты дзень па вуліцах Мінска заўзятары пройдуць арганізаванай калонай і прымуць удзел у запланаваных мясцовымі ўладамі мерапрыемствах.
Па словах Латыпава, зараз ідуць перамовы з гэтай нагоды з расійскай амбасадай у Беларусі і з Мінгарвыканкамам, які займаецца арганізацыяй чэмпіянату свету.
Фота — russiaunites.com