Сенатары пераедуць у чытальную залу — праз дарогу ад прэзідэнта
Савет Рэспублікі пераедзе ў стары будынак Нацыянальнай бібліятэкі, бо “ў цяперашні дэлегацыі вадзіць сорамна”.
Будаўніцтва “алмаза ведаў” заняло тры з паловай гады, і амаль шэсць гадоў будынак старой бібліятэкі не выкарыстоўваецца!
Як даведалася Еўрарадыё, рэканструкцыя гэтага дома на вуліцы Чырвонаармейскай ідзе ўжо... два з паловай гады.
У калідорах будаўнічы пыл, мэбля ў цэлафане. На дзвярах — указанні, што і дзе дарабіць: няма току ў разетках, дзе брудныя шпалеры і дэфекты мэблі.
Пытаюся ў рабочых, што будзе ў будынку. Большасці ўсё роўна, хто тут адзначыць наваселле:
"Я тут трэці раз, не ведаю, што тут будзе", — паціскае плячыма будаўнік.
Другі ўпэўнена адказвае: тут размесціцца Савет Рэспублікі. Будаўнікі кажуць, што трэба паспець да выбараў і нават папярэджваюць, што будынак рэжымны — нельга фатаграфаваць.
Заказчык рэканструкцыі — "Галоўнае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва" Упраўлення справамі прэзідэнта. Тут пацвярджаюць, што будынак прызначаны для Савета Рэспублікі:
"Гэта не сакрэт, хто хоць неяк палітыкай цікавіцца. Там такія залы будуць для народных дэпутатаў!" — кажа галоўны інжынер УКБ Упраўлення справамі прэзідэнта Ігар Гусеў.
Там, дзе была галоўная чытальня, размесціцца зал для паседжанняў.
У Савеце Рэспублікі ўжо год сядзяць на валізках, чакаюць, што пераедуць у кастрычніку:
“Чаму пераязджаем? А сюды сорамна вадзіць дэлегацыі. Новы прэс-цэнтр патрэбны, залы паседжанняў”.
На пытанне Еўрарадыё, ці не шмат месца для сенатараў, якіх толькі 64 чалавекі, атрымоўваем нечаканы адказ:
“Нам жа толькі адно крыло будзе! Усе роўна будзем сядзець па два-тры чалавекі ў кабінеце”.
Чыноўнікі — яны такія.