Чыноўнікі не ведаюць, хто ў Беларусі заможны, а хто не
Пытанне Еўрарадыё, хто ў Беларусі адносіцца да сярэдняга класа, а хто да багатых, ледзь не ўсе дзяржаўныя інстанцыі ставіць у тупік.
“Раздзялення ў нас такога няма — на бедных і багатых, ёсць пенсіянеры, адзінокія грамадзяне, шматдзетныя. У каго даходы ніжэй за пражытачны мінімум — гэта ніжэйшы клас, пэўна. Сярэдніх і багатых у нас няма”, — разважаюць у аддзеле сацабароны Маскоўскага раёна сталіцы.
І агучваюць агульнавядомае меркаванне пра тое, што маламаёмасны — гэта той, хто атрымлівае менш за бюджэт пражытковага мінімуму на аднаго чалавека ў сям’і.
Сёння бюджэт пражытковага мінімуму складае 843 тысячы рублёў.
Паводле звестак Белстата за першае паўгоддзе, доля хатніх гаспадарак, якія знаходзяцца за мяжой беднасці, складае да 7,7%. Гэта нават менш чым у Маскве, дзе за мяжой беднасці 13% масквічоў. Але маскоўскія беднякі атрымліваюць амаль удвая больш, чым беларускія. Бюджэт пражытачнага мінімуму ў Маскве складае 7000 рублёў, ці 1 мільён 900 тысяч “зайчыкаў”.
Усе ж беларусы, у каго даход вышэйшы за 800 тысяч рублёў — як мінімум, сярэдні клас. У камітэце па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва Мінгарвыканкама спасылаюцца, што гэта пытанне не да іх:
“Таварышы дарагія! Гэта да кіраўніцтва пытанне!”
Кіраўніцтва камітэта па працы і сацабароне Мінгарвыканкама спасылаецца на Міністэрства эканомікі і Белстат:
“Гэта да Мінэканомікі, да Белстата пытанні. Я не бачыла такога азначэння. Ёсць маламаёмасныя, а сярэдні клас? Не вызначае Камітэт па працы такіх межаў!”.
Начальнік аддзела па сувязях з грамадскасцю Міністэрства эканомікі Віктар Еўтухоў пытанню Еўрарадыё пра заможных беларусаў здзіўляецца:
“Думаю, што пытанне ніяк заканадаўча не зацверджана. Я разумею вашу логіку: калі ёсць бедныя, дык і сярэдні клас павінен быць. Але я не адкажу на ваша пытанне. Бо няма афіцыйнай версіі”.
І гэтыя людзі будуць вызначаць сярод нас заможных, якія будуць плаціць за камуналку 120-150%.