Адказнасць за атаку на расійскую амбасаду ўзялі на сябе анархісты

У сваёй заяве яны паведамілі, што правялі гэтую акцыю на знак салідарнасці з абаронцамі Хімкінскага лесу ў Расіі. "Увечары 30 жніўня групай анархістаў быў праведзены напад кактэйлямі Молатава на расійскае пасольства ў Мінску. Быў пашкоджаны адзін са службовых аўтамабіляў. Гэтай акцыяй мы выказваем гнеў і пратэст супраць арыштаў і рэпрэсій у дачыненні да сацыяльных актывістаў, якія ўсталі на абарону хімкінскага лесу ў Маскве", - гаворыцца ў заяве.

Таксама аўтары заявы адзначаюць, што яны падтрымліваюць толькі прамыя метады барацьбы, таму што ўлада баіцца толькі сілы.



Дарэчы, роўна чатыры месяцы таму анархісты ў Беларусі правялі аналагічную акцыю. Яны  атакавалі будынак Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, закідаўшы яго піратэхнічнымі паходнямі.





13:18 Абаронцы Хімкінскага лесу: “Гэта не наш метад, у нас выключна мірныя акцыі”

Наста Манцэвіч

Атака расійскай амбасады "кактэйлямі Молатава" не мае прамога дачынення да абаронцаў Хімкінскага лесу. Такім чынам беларускія анархісты проста падтрымалі сваіх расійскіх таварышаў, мяркуе маскоўскі актывіст Яраслаў Марозаў:

Марозаў: “Група расійскіх анархістаў тое самае зрабіла з Хімкінскай адміністрацыяй на знак салідарнасці з абаронцамі Хімкінскага лесу. Пасля чаго пачалася масавае цкаванне расійскіх анархістаў і антыфашыстаў. Я думаю, што вашыя анархісты такім чынам проста падтрымалі сваіх таварышаў. Гэта не мае прамога дачынення да абаронцаў Хімкінскага лесу, да якога я належу.

У нашага руху (абароны Хімкінскага лесу) зусім іншыя метады працы. У нас выключна мірныя акцыі, мы ніколі не парушаем законаў, карыстаемся тымі правамі, якія ў нас яшчэ ёсць – мітынгі, пікеты, звароты, заявы і г.д.”
.

Нагадаем, адказнасць за атаку на расійскую амбасаду ўзяла на сябе група анархістаў "Сябры свабоды". У сваёй заяве яны паведамілі, што правялі гэтую акцыю на знак салідарнасці з абаронцамі Хімкінскага лесу ў Расіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі