“Адстаўка Ткачова — падзея станоўчая. А вяртанне Пракаповіча — нейтральная"

“Журналісты вось пастаянна чакаюць нейкіх рыначных перамен. Навошта? Пакуль яны не падзялілі ўласнасць, ніякіх рынкаў нікому не трэба, яны што, ідыёты?”, — гэтак эмацыйна рэагуе эканаміст Леанід Заіка на просьбу, пракаментаваць адстаўку Сяргея Ткачова з пасады дарадцы кіраўніка краіны па эканамічных пытаннях.

120817 Pilecki Prakop.mp3

А чаканні небеспадстаўныя. Гарачы прыхільнік сталінскіх метадаў кіравання гаспадаркай Ткачоў лічыцца асобай адыёзнай. Гэта ён усяго за некалькі месяцаў да рэкорднай дэвальвацыі беларускага рубля ў газеце Адміністрацыі “Беларусь Сегодня” апублікаваў два вялікія артыкулы з дыфірамбамі беларускай стабільнасці і ўнікальнай эканамічнай мадэлі. А акрамя гэткай дальнабачнасці Ткачоў яшчэ заклікае да вяртання ў Беларусь… жорсткай планавай эканомікі.

Замест Ткачова размаўляць пра эканоміку Лукашэнка цяпер будзе з іншай вядомай у Беларусі асобай – Пятром Пракаповічам. Ён не толькі былы старшыня Нацбанка, але яшчэ і герой Беларусі. Заіка лічыць, што гэта таксама паўплывала на выбар кіраўніка краіны.

“Пётр Пятровіч — герой Беларусі. І Лукашэнка ўзяў да сябе героя. Не Злотнікава, не Раманчука, а героя! Ну а героі звычайна працуюць па-геройску”.

Пракаповічу, у адрозненне ад большасці беларускіх чыноўнікаў, губляць ужо няма чаго. Даўно на пенсіі, а рэпутацыя і так папсаваная траўнем 2011-га. Так што смела можна гаварыць Лукашэнку тое, што хочацца.

Эканаміст Сяргей Чалы лічыць, што рэвалюцыі Пракаповіч не зробіць. Не таму, што не хоча, а таму, што рыначнікам яго не назавеш. Адысці ад планавых метадаў Пятра Пятровіча вымушала пасада старшыні Нацбанка.

“Мне падаецца, што любы чалавек, які трапіць на пасаду кіраўніка Нацбанка, рыначнікам будзе нават несвядома. Проста праз асаблівасці паўнамоцтваў гэтага інстытута і паўнамоцтвы чыноўнікаў, якія займаюць ніжэйшыя пасады ў Нацбанку — намеснікаў і кіраўнікоў упраўленняў”.

Яшчэ пытанне, наколькі уплывовая пасада дарадцы кіраўніка краіны. Тэарэтычна, гэта Савет міністраў мусіць вызначаць асноўны курс, а зусім не чыноўнікі Адміністрацыі кіраўніка краіны. Але эксперты кажуць, што ў Беларусі і не такое магчыма і здараюцца сітуацыі, калі дарадцы Лукашэнкі дакараюць міністраў.

Чалы эйфарыі не мае. Гаворыць, што прызначэнне Пракаповіча дарадцам — падзея нават адмоўная.

“Адстаўка Ткачова — падзея станоўчая. А прызначэнне Пракаповіча — нейтральная, я б сказаў нават, што слаба адмоўная”.

Пагадзіцца з Чалым можна, калі ўзгадаць, чым скончылася праца Пракаповіча на пасадзе кіраўніка Нацбанка — хваробай для яго і дэвальвацыйным шокам для ўсёй краіны.

“Пётр Пятровіч — герой Беларусі. І Лукашэнка ўзяў да сябе героя. Не Злотнікава, не Раманчука, а героя! Ну а героі звычайна працуюць па-геройску”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі