Адсутнасць гаспадароў — вобыску не перашкода
У Бялынічах вобыск па спраце "19 снежня" ў кватэры апазіцыйнага актывіста Алега Мяцеліцы адбыўся ў адсутнасць гаспадароў.
Сям'я Мяцеліцы ў гэтай кватэры цяпер не пражывае, здае яе кватарантам. Прычым сам Алег, які быў падчас мінулых выбараў даверанай асобай Уладзіміра Някляева, знаходзіцца ў замежжы.
Як расказала БелаПАН яго жонка Наталля Мяцеліца, вобыск быў праведзены 17 лютага і праходзіў з панятымі. Кватаранту прад'явілі пастанову пракурора. Нічога не канфіскавалі.
Сёння Наталля звязалася з супрацоўнікам КДБ, які праводзіў вобыск. Той сказаў, што кватарант не здолеў знайсці гаспадароў. Такое тлумачэнне Наталлю вельмі здзівіла: у Бялынічах яна працуе адвакатам і яе тэлефон праваахоўнікам мусіць быць вядомы.
Зрэшты, прэтэнзій да КДБ яна не мае: ніякага беспарадку пасля вобыску ў кватэры не засталося.