Актывіста Моўчана падазраюць у тым, што ён збіў сябе сам
Збіты міліцыянтамі актывіст "Еўрапейскай Беларусі" Андрэй Моўчан 8 чэрвеня наведаў Следчы камітэт.
Ён паведаміў Радыё "Свабода", што гутарка з ім цягнулася гадзіну. Следчыя заявілі актывісту, што ён мог сам сябе збіць.
Нагадаем, што 19 траўня Андрэй Моўчан разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг каля мінскага ўніверсаму "Першамайскі". Гэта ён выказваў салідарнасць з палівязнем Сяргеем Каваленкам. Міліцыянты затрымалі яго і жорстка збілі. Паводле папярэдняй высновы лекараў, у Андрэя была чэрапна-мазгавая траўма, пералом ніжняй сківіцы і рэбраў, адбітыя ныркі і ногі.
25 траўня Моўчана выпісалі са шпіталя хуткай дапамогі. У эпікрызе пры выпісцы пазначана толькі тое, што ён атрымаў лёгкую чэрапна-мазгавую траўму. Пералом сківіцы, а таксама іншыя траўмы стаяць пад пытаннем. Да 11 чэрвеня Андрэй Моўчан на бальнічным.
Фота — svaboda.org