Алімпіяда-2012 стала для Беларусі найгоршай па медалях
У актыве нашых спартоўцаў тры залатыя, пяць срэбраных і пяць бронзавых узнагародаў лонданскай Алімпіяды.
Алімпійскі план па медалях Беларусь выканала толькі напалову. Замест 25 узнагародаў, якія загадаў прывезці з Лондану Аляксандр Лукашэнка, зборная краіны вязе 13.
Гэта найгоршы вынік летніх Гульняў з 1996 года, з таго часу, як Беларусь выступае на алімпіядах як незалежная дзяржава. Так, на Алімпіядзе ў Пекіне ў 2008 годзе наша краіна заваявала 19 медалёў (4 залатыя, 5 сярэбраных, 10 бронзавых), у Афінах-2004 — 15 (2, 6, 7), Сіднэі-2000 — 17 (3, 3, 11), Атланце-1996 — 15 (1, 6, 8).
Рэкорд свету на брытанскіх гульнях паставіў Сяргей Мартынаў у стральбе з дробнакалібернай вінтоўкі — ён мае “золата”. На Гульнях у Лондане нашай краіне ўпершыню дасталіся медалі ў плаванні і тэнісе, прычым у парным міксце беларусы сталі нават чэмпіёнамі — адзначыўся дуэт Вікторыі Азаранка і Максіма Мірнага. Але таксама ўпершыню няма ніводнага медаля ў грэка-рымскай і вольнай барацьбе. Вяслярка Кацярына Карстэн, для якой лонданская Алімпіяда ўжо шостая за яе спартовую кар’еру, таксама ўпершыню засталася без прызавога месца і ў фінале спаборніцтвах на “адзіночках” была толькі 5-й.
Першы віцэ-прэзідэнт НАК і памочнік прэзідэнта па пытаннях фізкультуры, спорту і развіцця турызму Ігар Заічкаў назваў выступ беларускіх атлетаў нездавальняючым, а ў некаторых відах спорту — правальным. Пакуль складана меркаваць, ці пацягне гэта за сабой гучныя адстаўкі спартовых чыноўнікаў.
Медальны залік Алімпіяды-2012 для беларускай зборнай:
“Золата”:
Сяргей Мартынаў — кулявая стральба з дробнакалібернай вінтоўкі
Вікторыя Азаранка, Максім Мірны — тэніс, парны мікст
Надзея Астапчук — лёгкая атлетыка, штурханне ядра
“Срэбра”:
Аляксандр і Андрэй Багдановічы — веславанне на байдарках і каноэ, гонка на каноэ-двойцы на 1000 метраў
Раман Петрушэнка, Вадзім Махнеў — веславанне на байдарках і каноэ, гонка на байдарцы-двойцы на 200 метраў
Аляксандра Герасіменя — плаванне, 50 метраў вольным стылем
Аляксандра Герасіменя — плаванне, 100 метраў вольным стылем
Марына Ганчарова, Ксенія Санковіч, Анастасія Іванькова, Аліна Туміловіч, Наталля Лешчык, Аляксандра Наркевіч — мастацкая гімнастыка, групавыя практыкаванні
“Бронза”:
Вікторыя Азаранка — тэніс, адзіночны разрад
Ірына Кулеша — цяжкая атлетыка, вагавая катэгорыя да 75 кг
Марына Шкерманкова — цяжкая атлетыка, вагавая катэгорыя да 69 кг
Ірына Памелава, Надзея Папок, Вольга Худзенка, Марына Палтаран — веславанне на байдарках і каноэ, гонка на байрадарцы-чацвёрцы на 500 метраў
Любоў Чаркашына — мастацкая гімнастыка, індывідуальнае мнагабор’е