Анархісты спрабуюць абскардзіць свае прысуды ў Вярхоўным судзе
Скаргі ў Вярхоўны суд падалі ўжо адвакаты Ігара Аліневіча і Аляксандра Францкевіча. Днямі такую ж скаргу падасць Мікалай Дзядок.
Нагадаем, што ў канцы траўня адбыўся суд над актывістамі анархісцкага руху. Іх прызналі вінаватымі ў нападзе на шэраг будынкаў, у тым ліку амбасаду Расіі ды турму на Акрэсціна, а таксама ў правядзенні акцыі пратэсту каля Мінабароны. Тры актывісты атрымалі тэрміны ад 3 да 8 гадоў, яшчэ двух пакаралі ўмоўна.
Як паведамляе Радыё "Свабода", Мінскі гарадскі суд адхіліў скаргу Ігара Аліневіча на прысуд Заводскага раённага суда, але вязень і ягоны адвакат не саступаюць і падалі скаргу ў Вярхоўны суд. Дзень разгляду скаргі яшчэ не прызначаны. Таксама чакаюць разгляду скаргі ў Вярхоўным судзе і сваякі Аляксандра Францкевіча.
Мікалай Дзядок сам складае скаргу ў Вярхоўны суд, якую мае адправіць днямі.