Эксперт: У ЕС павінна хапіць мужнасці не пайсці на гандаль лёсамі людзей
Эксперт Хельсінкскага Інстытута міжнародных адносінаў Аркадзь Мошэс расказаў, чаму ЕС зараз не да Беларусі, ці “аддадуць” нас Расіі, і ў чым смак пернікаў ад ЕС
Еўрарадыё: Ужо некалькі разоў Беларусь і ЕС праходзілі фазы аддалення і збліжэння. Але гэтым разам, здаецца, лёгка растапіць лёд адносінаў не ўдасца. Ці можна ўвогуле прагназаваць, як бліжэйшым часам будуць развівацца адносіны Беларусь-ЕС?
Аркадзь Мошэс: Будучае беларуска-еўрапейскіх адносінаў у значна меншай ступені будзе залежыць ад таго, што адбываецца ўнутры самой Беларусі, і ў большай ступені залежыць ад знешніх фактараў. Таму, глядзець трэба на тое, як прымаюцца рашэнні ў самім Еўрасаюзе і ў Расіі таксама. Справа ў тым, што “беларускай стратэгіі” ў Еўрасаюза няма і не будзе яшчэ 10 бліжэйшых гадоў. Беларусь ніколі не была і не будзе для Еўропы стратэгічным пытаннем, у лепшым выпадку будзе рэгіянальная стратэгія. Еўрасаюзу зараз не да Беларусі. Найперш таму, што ў бліжэйшы год Еўрасаюзу ўвогуле будзе не да знешняй палітыкі – ён будзе заняты ўнутранымі разборкамі, выбудоўваннем новых унутраных балансаў. І ў якасці актыўнага знешнепалітычнага гульца, які ведае, чаго ён хоча, ЕС цягам бліжэйшага года выступаць не будзе. У лепшым выпадку, калі ў верасні наступнага года на выбарах у Нямеччыне пераможа спадарыня Меркель, і ёй удасца сфармаваць кааліцыю без уключэння сацыял-дэмакратаў, можна будзе пра нешта думаць.
Еўрарадыё: І ніякіх шанцаў на тое, што цікаўнасць да нашага рэгіёна ў Еўропы бліжэйшым часам можа з’явіцца?
Аркадзь Мошэс: Адзіны мінімальны шанец, што нейкая цікаўнасць да гэтага рэгіёна цягам года з’явіцца, дае будучае старшынства Літвы ў Еўрасаюзе. Літва паспрабуе для гэтага нешта зрабіць, але ёсць адна праблема: ці адбудзецца Саміт Усходняга партнёрства ў Вільні ці не? Я б свае грошы на тое, што ён адбудзецца, не паставіў. Бо прыняць нейкія знакавы дакументы немагчыма. Каго на гэты Саміт запросяць – Аліева, Лукашэнку, Януковіча? Не зразумела, што будзе і з Грузіяй. Рабіць Саміт для таго, каб запрасіць на яго кіраўніцтва Малдовы? Саміт для гэтага праводзіць няма патрэбы! А калі Саміта не будзе, то і жадання працаваць на гэтым накірунку ў брусельскай бюракратыі таксама не будзе.
Еўрарадыё: Апошнімі днямі мы чулі некалькі гучных заяў міністра замежных спраў Літвы Ажубаліса, датычных Беларусі. Перыядычна па гэтай тэме “праходзяцца” і яго польскі калега Сікорскі, і еўракамісар Эштан. Навошта ім закранаць беларускую тэматыку, калі, як вы кажыце, стратэгічнай цікаўнасці ў ЕС да Беларусі няма і бліжэйшым часам яна не з’явіцца?
Аркадзь Мошэс: Адсутнасць стратэгічнай цікаўнасці ў Еўрасаюза не азначае адсутнасці такой цікаўнасці ў суседзяў Беларусі. Для суседзяў Беларусь – дастаткова важнае пытанне. А што тычыцца нейкай пазіцыі, якая сфармулявана брусельскай бюракратыяй, то эфектыўнасць дзейнасці ацэньваецца па сукупнасці пытанняў, адным з якіх з’яўляецца пытанне беларускае. Але на фоне таго, што адбываецца ў арабскім свеце, на фоне немагчымасці пабудаваць нармальныя адносіны з Расіяй, Беларусь, безумоўна, губляецца.
Еўрарадыё: Глядзіш, і праўда, зараз ЕС папросіць вырашыць “беларускае пытанне” Расію – і ёй дагодзіць, і ў саміх “гара з плячэй”?
Аркадзь Мошэс: Сапраўды, Еўрасаюз стаміўся спрабаваць вырашыць “беларускую праблему”, стаміўся ад адсутнасці вынікаў. Да ўсяго, Расію на Захадзе сёння баяцца значна менш. І “прырастанне” Расіі новымі землямі значна менш хвалююць зараз еўрапалітыкаў, чым некалькі гадоў таму, ці – адразу пасля расійска-грузінскай вайны. І аргументацыя таго, што без Расіі вырашыць “беларускае пытанне” немагчыма і значна прасцей цалкам аддаць яго вырашэнне Расіі, існуе. Але таксама існуе пункт гледжання, што Еўрасаюз зацікаўлены ва ўзнікненні на яго ўсходніх межах краін, дзе будуць спрабаваць жыць па еўрапейскіх правілах, а не па расійскіх. Разуменне таго, што распаўсюд расійскага ўплыву і расійскіх правілаў гульні на гэтыя землі будзе супярэчыць інтарэсам Еўропы таксама існуе. Дыскусія на гэту тэму ідзе і канчатковае рашэнне не прынятае.
Еўрарадыё: Можа, Беларусь і без дапамогі Еўрасаюза паспяхова зваліцца ў абдымкі Расіі?
Аркадзь Мошэс: Я лічу, што ніякай безальтэрнатыўнасці ў знешнепалітычнай арыентацыі Беларусі не з’явілася. Лукашэнка вядзе сваю тактычную гульню і іграе ён яе выключна якасна. Гэта ён робіць 18 гадоў. Мы не абавязаныя пагаджацца з тым, што ён робіць, але тое, што ён робіць, ён гэта робіць прафесійна і яго палітычныя інстынкты яго не падводзяць. За апошнія два гады ён выстаяў падчас адмоўнай кампаніі ў расійскіх СМІ, выстаяў пад спробамі фінансавага ўціску з боку Расіі. І сёння мы бачым, што адноўленая сістэма расійскага субсідзіравання, забяспечаны доступ беларускіх тавараў на расійскі рынак, а з дапамогай Мытнага саюза ўзнікае перспектыва транзіту беларускіх тавараў на ўсходнія рынкі. Заплаціць за гэта цану ў выглядзе паловы Белтрансгаза, які апроч Газпрама нікому і не патрэбны, да яшчэ і атрымаць за гэта добрыя грошы, якія дазволілі стабілізаваць макраэканамічную сітуацыю, гэта поспех Мінска, а не здача нейкіх стратэгічных пазіцый. На мой погляд, бліжэйшае будучае Мытнага саюза і арыентаванай на Расію еўраазійскай інтэграцыі ўсё яшчэ ў тумане. І партнёры Расіі па гэтым працэсе здольныя эфектыўна адстойваць інтарэсы сваіх краін, як іх бачыць іх кіраўніцтва.
Еўрарадыё: Еўропа так і не здолела ўцягнуць Беларусь ва ўсе праекты праграмы “Усходняе партнёрства”. Зараз ЕС прапаноўвае “мадэрнізацыйны варыянт” усё таго ж партнёрства. Як вы бачыце будучыню гэтага новага праекта?
Аркадзь Мошэс: Я скептычна стаўлюся да змены назвы. І яшчэ больш скептычна стаўлюся да лозунгаў накшталт “Партнёрства ў імя мадэрнізацыі” і гэтак далей. Гэта фразеалогія паказала сваю слабасць у выпадку з Расіяй, для якой яна і была ад пачатку прыдуманая. Бо тут маецца на ўвазе, што краіна-адрасат зацікаўленая ў мадэрнізацыі і гэтай краіне-адрасату аддаюць ініцыятыву. Таму ўсе гэтыя змены назваў… Але важна тут адно: Еўропа сфармулявала прапанову, яна не ўключае перспектыву сяброўства ў ЕС, але ўключае магчымасць асацыяваных адносінаў, пакрокавай інтэграцыі ў шэрагу галін і перспектыву бязвізавага рэжыму. Гэта дастаткова шмат, і я не думаю, што Еўропа зможа змяніць сваю прапанову, але ад краін-адрасатаў залежыць, ці змогуць яны гэтай прапановай скарыстацца. На мая думку, падача таго ж самага ў новай упакоўцы сэнсу не мае. Але набор пернікаў ў пакунку “Усходняга партнёрства” не такі ўжо і маленькі, і не трэба гэта скідваць з рахункаў.
Еўрарадыё: Хоць беларускай стратэгіі ў ЕС і няма, але ўзаемаадносіны нам наладжваць трэба. Але бакі зараз спрачаюцца: на чыім баку мяч? Тупік?
Аркадзь Мошэс: Не думаю. Проста, рыторыка і рыторыка ў гэтым выпадку сустракаюцца. Але прынцыповая пазіцыя Еўрасаюза зводзіцца, і павінна зводзіцца, да таго, што толькі вызваленне ўсіх палітзняволеных можа стаць пачаткам аднаўлення адносінаў паміж Мінскам і ЕС. Гэтая ўмова не выкананая. І заява, што зараз Еўропа павінна зрабіць нейкі крок насустрач, пайсці на кампрамісы і саступкі, гэта вядомая дыпламатычная пазіцыя. Яна мае права на існаванне, але ў Еўрасаюза павінна хапіць мужнасці і цвёрдасці, каб не пайсці на тое, што інакш, як гандаль лёсамі людзей называцца не можа. Еўрасаюзу аднойчы ўжо вельмі дорага каштавала тое, што ён адхіліўся ад сваіх патрабаванняў і пасля вызвалення палітзняволеных у 2008 годзе пайшоў на поўную нармалізацыю адносінаў і поўнае прызнанне мінскага рэжыму да выканання ўсіх астатніх патрабаванняў. Гэта была памылка, якую сёння ў ЕС разумеюць. І сёння ісці на сустрэчныя кампрамісы ніхто не хоча. Калі гэта тупік, значыцца – няхай будзе тупік. Не трэба забывацца, што Беларусі дастаткова некамфортна развіваць свае адносіны з Расіяй і адстойваць сваю палітычную незалежнасць адносна Масквы ва ўмовах ізаляцыі з боку Захаду.
Еўрарадыё: Вы сказалі, што ў Еўрасаюза павінна хапіць мужнасці і цвёрдасці, каб не пайсці на гандаль лёсамі людзей. Хопіць?
Аркадзь Мошэс: Цяжка адназначна адказаць. На жаль, вяртанне амбасадараў сведчыць пра тое, што імкненне да пошуку кампрамісу дзеля кампрамісу, а не дзеля рашэння праблем, яно ў Еўрасаюза прысутнічае. Але мне падаецца, што сёння Еўрасаюз бліжэй да разумення таго, што санкцыі і перспектыва іх пашырэння, апынуліся дзейснай мерай. Калі двое палітзняволеных (Саннікаў і Бандарэнка) былі вызваленыя да прыняцца рашэння наконт пашырэння санкцый, дыскусія на гэтую тэму магла б працягвацца доўга. Але іх вызвалілі пасля рашэння па санкцыях. Гэта не азначае, што менавіта санкцыі сталі адзіным доказам, але вызваленне пасля прыняцця рашэння іграе на карысць прыхільнікаў жорсткага падыходу.
Еўрарадыё: Вы лічыце, што санкцыі задзейнічалі?
Аркадзь Мошэс: Я лічу, што пагроза пашырэння санкцый і патэнцыйнага ўключэння ў спіс усё большай колькасці кампаній мела пэўны ўплыў. Сённяшнія эканамічныя санкцыі лёгка абмінуць. Але калі колькасць кампаній, якія патэнцыйна трапляюць пад санкцыі, будзе налічваць дзесяткі, еўрапейскі бізнес проста адвернецца і пачне сыходзіць. І гэта будзе нявыгадна тым людзям у Беларусі, якія зацікаўленыя ў захаванні тых эканамічных адносінаў з ЕС, якія існуюць сёння. Еўрапейскаму бізнесу ёсць дзе прыкласці свае грошы. Пры ўсё цікаўнасці да Беларусі – свет клінам на ёй не сышоўся. Тут у гульні ўдзельнічаюць няроўныя суб’екты і гэта трэба разумець. Майстэрствам, інстынктамі, мабілізацыяй больш слабага суб’екта немагчыма кампенсаваць тую вагу, якую мае другі ўдзельнік.
Фота: Змітра Лукашука